Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік). Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) - Віктар Казько страница
Прыбіральшчыкі смецця сёння хрысцяцца, пад’язджаючы да студэнцкіх і маладзёжных інтэрнатаў. Там, у кантэйнерах, адыходах і адкідах шумных вечарынак, застолляў і проста будзёншчыны, можна знайсці задушанага маладой маці немаўля, што толькі ўчора ці нават сёння з’явілася на свет з не перавязанай яшчэ для жыцця, бруднай, як нейкі недарэчны матузок, пупавінай…
Бацька гвалтуе родную дачку. Лашчыць і песціць, мые ў ванне ёй плечыкі, насуха выцірае свежым ручніком, уцалоўвае радзімку на грудзях, ашчадна бярэ на рукі і нясе да сябе ў ложак…
Нябожчыка паднялі з табурэтак, на якіх каля брамы яго хаты ляжала труна, павезлі на могілкі, каб пахаваць. Аддалі зямлі, прыехалі назад, а ад табурэтак і знаку няма. Падкінулі ў гарод на трэці дзень, калі старая напісала аб’яву: табурэткі мае пойдуць за вамі на той свет, будзеце вы на іх перад Богам сядзець, як на патэльні… Унук ці ўнучка забівае бабулю, таму што грошыкі на дыскатэку патрэбны… I ўсё гэта не што-небудзь надзвычайнае, ніякая не паталогія, а нармальнасць. Серыя, плынь, норма. Нармальныя, зробленыя яшчэ рукамі дзеда і прадзеда табурэткі, табурэтачкі. На гэтых драўляных табурэтках, услонах і лавах трымалася вясковая хата, нараджаліся, адседжвалі і адлежвалі пакаленні, але нам на іх ужо больш ні сесці, ні легчы нават у смяротны свой час, і нікому ўжо на іх не нарадзіцца больш. Толькі гарэць, як у крэматорыі, смылець душою. Такія нашы сёння табурэткі. Такое наша сёння посткамуністычнае жыццё. Як і выкіды плазмы на сонцы, вывяржэнні вулканаў, землетрасенні там, дзе няма гор, паводкі амаль у пустыні. Невытлумачальныя і залпавыя выкіды насілля, гвалту і зла чалавечых душ – сістэма, як залпы ракет сістэмы «Град». I азонавыя дзіркі над галавой – прарэхі ў небе і душах. Чорныя ці белыя плямы памутнелага розуму, прарэхі ў ім, праз якія мо якраз і прарываюцца да нас прыхадні, лаўцы чалавечых душ, праз іх, пэўна ж, і адыходзяць, мігрыруюць у сусвет і самі нашы душы. А да нас ад абураных планет і сонца наплываюць гвалт і злыбяда. А мо і наадварот, наша зло і гвалт і ўтварылі тыя дзіркі, прапяклі ў небе брэшы і праломіны. Ахуталі брыдотай чыстыя зоркі нябесныя, атруцілі сваім духам сонца, абурылі, узбунтавалі планету. Не прымаюць зоркі душу чалавечую, сусвет распачаў вайну з нашым духам. Ідзе вайна касмічная, зорная вайна. I блукаюць па сусвеце нашы непрыкаяныя душы. Няма ім спакою на зямлі, няма ні прытулку, ні прыстанку і на небе. Неба і зоркі згвалтаваны чалавекам. Зямля адмаўляецца прыняць яго прах. Чалавек з асалодаю творцы творыць сабе магілу. Мітусіцца, гойсае па могілках былога жыцця, капае, рые, як свіння лычом, раскопвае старыя магілы, дастае і адчыняе труны, трасе, перабірае і вее прах, не зважаючы ні на грэшнікаў, ні на праведнікаў, раскідае косткі продкаў па ўсіх нашых весях і далях, вялікіх гарадах і маленькіх вёсках.
Непадалёк ад Мінска, наваяўленай сёння свету сталіцы наваяўленага супольніцтва, схавалася вёсачка. На высокім беразе рэчкі Пціч, што ў сівой даўніне, калі на зямлі, пэўна, існавалі адны толькі птушкі, пратаптала яна сабе тут у мяккіх тарфяніках сцяжынку, стварыла лебядзіную пасцель, з той пары мілуецца ў ёй. Да рэчкі прыляпіліся людзі, пабудавалі вёску і нараклі яе таксама Пціч. Хаця птушак навокал у звычайныя дні і не вельмі відно. Прыб’ецца аднекуль з дзесятак буслоў на новабудоўлю перад уваходзінамі, нібыта правяраюць, хто тут селіцца, выпрабоўваюць чалавека ці думаюць, што гэта нарэшце і ім адладзілі жытло. Назаляюць, ляцяць на новую хату сарокі, калі бярвенні кладуць не на мох, а на паклю, учыняюць разбой і крадзеж. Рабуюць яшчэ не дабудаваную хату. Скок-паскок па дошчачцы, па бярвенцы, галоўкай у картузку сінім ці ў сіняй жа хусцінцы направа-налева і дзюбкай, носікам моцненькім, амаль стальным, між бярвенняў, дзе пакля пакладзена. Раз, і ўхапілі касмылёк, і пацяглі. Сілы не хапае дзюбкай – лапкамі падсобяць. Вось ужо ў сцяне і дзіркі, шчыруюць да сіняга поту ўваччу. Як і ўсе мы, пэўна, гэтыя апошнія семдзесят гадоў перамог і дасягненняў. Нясуць, нясуць па сінім небе, разносяць па сваіх гнёздах сугрэўную ім паклю. Папраўдзе, як мы з вамі, асабліва ў самыя апошнія гады, калі ў хаце нашай вялікай, прасторнай і светлай нічога, акрамя той паклі, ужо і не заставалася. А мы шчыравалі, не ведаючы адпачынку, не складаючы рук, нібы адчувалі, што б’е той апошні час, калі красці ўжо не будзе ў каго. Прыйдзе ж, спасцігне нас і такое за ўсе грахі нашы, і прадчувалі гэта. Чалавек празорлівы, ведае грахі свае, ведае душа яго, што было, што будзе, і тое, што за ўсё прыйдзецца трымаць адказ. I сарокі гэтыя хутчэй за ўсё ў перасцярогу чалавеку пасланы небам, а мо гэта і не сарокі зусім, а нашы зладзеяватыя ўжо душы. I наканавана, прадпісана ім вось так самазабыўна, але не ведаючы радасці век свой птушыны векаваць.
Гаспадарчыя буслы, зладзеяватыя сарокі. А іншых птушак над вёскаю і не відна, і не чутна. Мо самі пцічане служаць тут замест іх. Былі некалі людзьмі, а цяпер перавярнуліся ў птушак. Падобна, у варон, вельмі старых варон. Самі старыя, старыя іх гнёзды. Дзесятка паўтара хатак, што счарнелымі штандарамі ўраслі ў белы пясок, у адляцелае, як слізготная цень, мінулае, стоенае і прыхаванае ад нашага адукаванага вока і розуму. Толькі чуткі і меркаванні.
Па суседстве з вёскай Пціч вёскі Узляны і Грабень, Дудзічы. Дык вось, па словах ужо мясцовай інтэлігенцыі,