Як стаць беларусам. Сто гісторый. Севярын Квяткоўскі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Як стаць беларусам. Сто гісторый - Севярын Квяткоўскі страница
© Квяткоўскі С., 2016
© Кандрацева З., ілюстрацыі, 2014
© Афармленне і распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Пры ўдзеле:
Ганна Валынец
Аляксандар Лукашоў
Арцём Мартыновіч
Хрысціна Марчук
Аляксандар Ярашэвіч,
якія дапамаглі ў зборы тэкстаў
Адмысловыя падзякі:
Андрэй Дзмітрыеў —
удзел у выданні кнігі
Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская —
удзел у рэалізацыі праекту на сайце budzma.org
Марына Золатава —
удзел у партнёрскай рэалізацыі часткі праекту на сайце Tut.by
Як я стаў беларусам
– Вам ужо не трэба рабіцца беларусам? Паколькі вы ўжо не Нехта, а Хтосьці? Тады гэтая кніга можа дапамагчы некаму з вашых родных, сяброў ці знаёмых.
Важна прачытаць кнігу ад пачатку да канца. Толькі тады будзе паўнавартасны эфект. Знікнуць многія сумневы, хістанні і фобіі. Нават калі на нейкай старонцы ў вас з’явяцца думкі: «Ды зразумела, ды я гэта ўжо бачыў, прадумаў, перажыў!». Ці: «Так не бывае!». Альбо: «Няма чаго ім рабіць!». Чытайце да самай апошняй літары.
Нават калі вы і так лічыце сябе ці кагосьці з свайго атачэння беларусам. Магчыма, гэта фантомная беларускасць. Беларус – гэта не бусел, зубр, партызан, мех бульбы ці трактар.
Неяк мы сядзелі з прыяцелем цёплым надвячоркам на бервяне ля дарогі ў старым квартале прыватнага сектара ў Менску. Нам было гадоў па дваццаць, а да нас падышоў значна старэйшы дзядзька – стрэльнуў цыгарэтку.
Наш выпадковы знаёмы без запрашэння далучыўся да размовы. Ён не надта трапна ўстаўляў рэплікі. Было бачна, што думкі тубыльца драўляных джунгляў блукалі дзесьці па-за кантэкстам тэмы.
І раптам дзядзька выбухнуў:
– Сядзіце тут, балбочаце!
– Ну…
– Бачыце, як крыва асфальт на вуліцы паклалі?
– Бачым.
– Дык узялі б – пераклалі!
Гэта толькі на першы погляд выглядае няўздымнай справай – двум хлопцам перакласці асфальт на ўсёй вуліцы. Я прыгадваю гісторыю некалькіх дзясяткаў юнакоў з 1980-х.
– Вы ведаеце, што ваша жонка Кася Камоцкая спявае нацыяналістычныя песні? – запытаўся падчас допыту ў міліцыі следчы ў барда Алеся Камоцкага.
– Так, – адказаў Алесь, – а яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.
Гэтыя юнакі былі толькі на самым пачатку вуліцы з «крывым асфальтам», які трэба было перакласці.
Я маю на ўвазе «Гуканне вясны» – традыцыйнае беларускае свята, якое несанкцыявана зладзіла група моладзі ў 1984.
Калі ад 1980-х ісці далей углыб гісторыі – патрапіш на курапацкія магілы. А яшчэ далей – у БНР, «вясну народаў» у царскай Расеі, паўстанні, падзелы, войны… Часы, калі марылася не пра ўпарадкаванне дарогі, а пра саму вуліцу – сваю краіну.
«Як стаць беларусам» – кніга людзей, якія шукалі сябе ў 1980-х – 1990-х. Гадаваных між СССР, перабудовай і першымі гадамі Незалежнасці.
Гэта быў час вялікай надзеі на стварэнне новай краіны, не савецкай і не антысавецкай. Проста новай. З новымі сэнсамі і новымі адчуваннямі. Дзе адным з самых захапляльных, нязвыклых і неверагодных было адчуванне ўласнага «я».
1. Пратэст
Перад з’яўленнем майго «я» ў публічнай прасторы свет быў іншым.
Я тады быў занадта малы, каб ведаць, што развод ці любоўныя прыгоды аднаго з сужэнцаў разглядалі на сходзе працоўнага калектыву. Не паўсюль, канешне. Ну ўявіце сабе падобнае ў асяродку тэатра ці сімфанічнага аркестра? Ці, напрыклад, цырка?
З іншага боку, уявіце, калі б рабочы шарыка-падшыпнікавага завода перад калегамі пачаў тлумачыць свае амурныя прыгоды беларускай літаратурнай мовай.
У тэатры, акадэміі ці філармоніі ўявіць магу. А ў цырку ўжо – не. Табу.
Прылюдна корпацца ў чужой бялізне было нормай, а публічна гаварыць па-беларуску – скандалам.
Чаму шакавала беларуская мова? Гэта быў выклік галоўным каштоўнасцям тагачаснага грамадства. Людзі хацелі зліцца з сацыяльным краявідам. Каб нішто не нагадвала пра іхную іншасць, адрознасць ад савецкага.
Ім даравалася казаць «дз» і