Навелы. Андрэ Маруа
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Навелы - Андрэ Маруа страница 2
– Жанчынам падабаецца зводзіць, разводзіць, – летуценна прамовіла Ізабэла. – Не адна яна.
– Але ў баранесы Дакенвіль такое патуранне было ў характары. Яшчэ ў маладосці яе празвалі «Падатлівыя ножкі»… Мой дзед, чалавек строгіх звычаяў, пляваўся, гаворачы аб ёй. Ну, гэта ўжо занадта. Проста яна была дурная, як бот.
– Але ж, Бертран, трэба напісаць нейкае слова спачування.
– Вы думаеце? І што мне сказаць?.. Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег…
– Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.
Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:
«Шаноўная пані, – напісаў ён, – ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, – усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі…»
Ён працягнуў аркуш Ізабэле:
– Чытайце. Па-мойму, гэта чысты здзек.
Ізабэла шпарка прагледзела ліст і, вяртаючы яго Бертрану, сказала з здавальненнем і зусім сур'ёзна:
– Гэта якраз тое, што трэба.
Біяграфія
Вялізная сталовая была слаба асветлена завешанымі лямпамі. У гэтым годзе ў Лондане ўсталяваўся звычай абедаць у паўзмроку. Эрвэ Марсена, адшукаўшы сваё месца, убачыў, што ён сядзіць каля вельмі старой жанчыны, убранай у жэмчуг, лэдзі Хемптан. Ён не выявіў нездавальнення. Пажылыя жанчыны бываюць паблажлівыя і часам расказваюць цікавыя гісторыі. Ну, а гэта, калі меркаваць па яе косым насмешлівым позірку, не была пазбаўлена жвавасці і гумару.
– На якой мове вы жадаецце размаўляць, пан Марсена?.. Па-французску ці па-ангельску?
– Калі вам усё роўна, лэдзі Хемптан, мне лепш па-французску.
– А пішаце вы больш на ангельскія тэмы. Я чытала вашу кнігу пра Джозэфа Чэмберлена. Вельмі мяне забавіла, бо ўсіх гэтых людзей я ведала… А цяпер што вы мяркуеце рабіць?
Малады француз уздыхнуў:
– Мне б хацелася намаляваць вобраз Байрана, але аб ім ужо столькі напісана. З навінкамі я азнаёміўся грунтоўна. Захаваліся пісьмы Мэры Шэлі, паперы графіні Гвічыёлі, але ўсё гэта апублікавана. Мне б што-небудзь свежае, невыдадзенае, а толькі дзе яго знойдзеш.
Старая дама ўсміхнулася:
– А калі я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..
Эрвэ Марсена міжвольна зрабіў