Інтэрпрэтацыі. Мікалай Паграноўскі
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Інтэрпрэтацыі - Мікалай Паграноўскі страница 6
У пленэры «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» удзельнічалі, у асноўным, віцебскія мастакі: Мікалай Дундзін, Аляксандр Дасужаў, Віктар Шылко, Валеры Чукін, Аляксандр Слепаў, Валеры Шчасны, Аляксандр Салаўёў, Аляксандр Баброў, Васіль Васільеў, Галіна Васільева, Пётр Кірылін, Іван Казак, Аляксандр Малей. Акрамя віцебскіх мастакоў, удзельнікамі сталі двое маладых людзей з Масквы – Леў Сцяпанаў і Аляксей Айгі.
Асабіста мяне не вельмі пераканала меркаванне кіраўніка прэс-цэнтра Таццяны Катовіч, што нібыта прынцыпова важна было забяспечыць удзел у пленэры менавіта віцебскіх мастакоў. А калі згадзіцца з гэтым, то чаму адмовілі Міколу Прусакову, Андрэю Вярэнічу – таксама віцебскім мастакам? І калі ўжо «пашырылі геаграфію» ўдзельнікаў, дакладней кажучы, «выйшлі» за межы Віцебска, то варта было запрасіць і мінскіх творцаў: Ігара Кашкурэвіча, Людмілу Русаву, Сяргея Лапшу, Уладзіміра Лапо, Алену Кітаеву…
Што да апошняй, то ў той самы час, калі праходзіў пленэр, творы А. Кітаевай экспанаваліся ў залах Віцебскага абласнога мастацкага музея. Госці з Масквы і Пецярбурга (удзельнікі навуковай канферэнцыі, а таксама члены журы) з вялікім інтарэсам паглядзелі гэтую выставу, а калі мы выйшлі з музея, запыталіся: «Чаму такая цікавая мастачка не ўдзельнічае ў Малевічаўскім пленэры?»
Мяркую, што А. Кітаева магла б значна павысіць узровень пленэру. Гэта ў роўнай ступені датычыць і астатніх мінскіх мастакоў, якіх я назваў. Упэўнены, што адгукнуліся б на запрашэнне і мастакі, якія цяпер жывуць далёка за межамі Беларусі. Маю на ўвазе Генадзя Хацкевіча-Мінскага (Парыж), Валерыя Мартынчыка (Лондан).
14 верасня ў краязнаўчым музеі адбылася тэарэтычная канферэнцыя «Малевіч. Класічны авангард. Віцебск». Віцэ-прэзідэнт Фонду Малевіча (Масква) Галіна Дземасфенава ў сваім выступе засяродзіла ўвагу на педагагічных метадах К. Малевіча. Фонд, нягледзячы на свой малады ўзрост (зарэгістраваны ў 1991 г.), ужо выдаў два тамы (з пяці запланаваных) поўнага збору тэарэтычных працаў К. Малевіча. Яшчэ адзін прадстаўнік гэтага фонду, Віталь Пацюкоў (загадчык выставачнай дзейнасці), зрабіў цікавы і досыць востры параўнальны аналіз мыслення мастакоў 1920-ых гадоў і ўдзельнікаў выстаўкі пленэру «Малевіч. УНОВИС. Сучаснасць» – і не на карысць апошніх. Супрацоўнік аддзела сучаснага жывапісу Траццякоўскай галерэі Ніна Курыева назвала свой даклад «Беспрадметнае ў рускім мастацтве» і раскрыла гэтую тэму на прыкладзе аднайменнай выставы, якая адбылася ў Траццякоўцы.
Мастацтвазнаўца з Пецярбурга Вольга Шыхірава (супрацоўніца аддзела сучаснага жывапісу Дзяржаўнага Рускага музея) прачытала вельмі цікавы і змястоўны даклад «Малавядомыя крыніцы пра Малевіча»: паказала нам К. Малевіча не з традыцыйнага, прынятага мастацтвазнаўцамі пункту гледжання. Бацьку супрэматызму яна бачыць, у першую чаргу, як вялікага містыфікатара. Не абмінула яна і нашага земляка, мінчука Уладзіслава Стрэмінскага, згадаўшы ягоныя стасункі з К. Малевічам.
Звычайна