Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская страница 4
Агалінскі чакаў цэлы год. Урэшце золата збліснула ў вугалях тыглю… Але калі пан усвядоміў, колькі будзе каштаваць адна манета з такога штучнага золата, і колькі гадоў трэба збіраць на яе бліскучы метал – уз’ятрыўся і запатрабаваў доўг. І Лёднік перастаў быць вольным чалавекам.
У жаху Бутрым азірнуўся на свой лёс… І зразумеў, што гэта – Божае пакаранне. Ён даў сабе слова, што больш ніколі не пойдзе супраць Божага промыслу, не стане не толькі займацца алхіміяй, але й нават складаць гараскопы, назаўсёды адрачэцца ад чараўніцтва і гадання.
Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…
Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча зазірнуць у будучыню! Нават Пранцішаў бацька, п’янтос і буяш, на кожнае вялікае свята замаўляў сабе прадказанне ў аптэкара з бліжэйшага мястэчка, які падрабляў зоркаведам. Але ж калі гэты ўпарты Лёднік астралогію адрынуў, можна скарыстаць ягоныя іншыя ўменні…
– Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?
Алхімік пагардліва хмыкнуў.
– А што, пан расхварэўся?
– Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… – Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. – Хто ж паверыць, што славуты доктар – слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.
Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.
– Нешта прадказвае мне,