Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 1

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская Пранціш Вырвіч

Скачать книгу

га. Гэтак аднойчы жонка Уладзіслава Вазы, каралева Марыся, дзеля цікаўнасці якой прырабілі ў соймавай зале адмысловы балкон, гахнулася разам з тым балконам ды сваймі “дамамі фраўцымера” проста на галовы высокага сойму, ды адна пані яшчэ пры гэтым, зачапіўшыся, з сукенкі вылузалася. Вось ганьбы было… Не менш, чым для Вырвіча цяпер.

      Бо яшчэ трошачкі пратрымайся Пранціш ля аканіцаў, фарбаваных у венецыянскі лазурак, панна Агнешка дакладна б упусціла яго ў свой завешаны ружовымі фіранкамі пакойчык, той вырай, куды студыёзус імкнуўся тры тыдні. Панна ўжо нават пяшчотную ручку не адразу з Пранцысевай рукі вырвала… І тут – гэх! Боты паслізнуліся, пальцы расціснуліся, і – канец Бабілонскай вежы і спакусным надзеям… Бо шабля Вырвіча здрадліва загрымела па брукаванцы, якую людцы паспалітыя называлі кацінымі ілбамі, сам кавалер не стрымаў прыкрага ўскрыку ад болю, дый паненка даволі гучна вохнула ад постраху і ляснула аканіцамі, фарбаванымі ў венецыянскі лазурак… І пачаліся пакаранні ягіпецкія. У суседнія вокны павысоўваліся бацька паненкі і ейныя дзве незамужнія цётухны, якія і без таго нешлюбаваных ды гожых мужчын лічылі нечым падобным да выцяжкі з д’яблавага кораню, ад якой глузды едуць, як капыты на лёдзе. І хаця Пранціш амаль зараз жа плітануў, трохі пакульгваючы, па начной вулцы, паспеў наслухацца пра сябе такога, што трохгаловы Цэрбер, ахоўнік падземнага царства, ад сораму адгрыз бы сабе лішнія галовы, а астатняя галава задушылася б уласным слінявым языком. Ды каб толькі словы дагналі Вырвіча… Але рыхтык на ягоную чубатую галаву выплюхнулася змесціва начной вазы, над якім пастаралася адна з Агнешкавых цётачак.

      Не тое, каб такое рэчыва было ўнове для віленскай брукаванкі – месцічы, да абурэння прафесара Віленскай акадэміі доктара Лёдніка, не саромеліся карыстацца вулкамі ды дварамі ў якасці прыбіральняў, не падазраючы пра страшнае слова “гігіена”, а на публічныя лекцыі пана прафесара пра магчымую пошасць з прычыны неахайнасці месцічаў вельмі слушна адказвалі, што нядаўні пажар, які прарэдзіў дамы, як зубы ў сківіцы старэчы, неадменна пазабіваў усю заразу…

      Але Пранціш не лічыў сябе часткай звыклай да ўсяго брукаванкі, і смярдзючая жыжа, патрапіўшы на ягоны камзол, неяк заўважна ахаладзіла пачуцці да чароўнай дачкі гутніка, што скарыла сэрца студыёзуса крыху санлівым, як у цяляці, паглядам рахманых цёмных вачэй ды натуральнай – не прыклеенай – радзімкай на правай шчочцы.

      Але нават успаміны пра натуральную радзімку не маглі перабіць прыкрасці ад атрыманага натуральнага ж “пачастунку”. Да таго ж сапраўдная Чароўная Панна прысутнічала ў сэрцы студыёзуса, схаваная глыбока і надзейна, як у полацкіх сутарэннях, і была гэта зусім не Агнешка Пузыня.

      Пранцысь прыбавіў хады – бо нехта са сваякоў паненкі пад’юдзіў гнацца за паганым спакушальнікам цнатлівых дзявіцаў гарадскую варту, і тупат за спінай гучэў пахавальнымі акордамі. Заставалася спадзявацца, што імя спакушальніка не адкрыюць – але спадзеў быў малы, бо гутнік Ёган Пузыня ўжо некалькі разоў адганяў нахабнага, блакітнавокага ды чубатага пана Вырвіча ад сваёй роднай кветачкі, і як зваць студыёуса, ведаў дакладна.

      Пранцысь у суправаджэнні выратавальнага дажджу, які змываў яго ганьбу і смурод, ляцеў-кружляў па вузкіх вулках, намагаючыся забыцца на боль у назе, і раздумваў, ці варта бегчы да канвенту, студэнцкага інтэрнату, бо пагоня якраз туды і скіруецца. Сабакі ў дварах лена пабрэхвалі, нібыта разумеючы, што ўцякач на дабро іхніх гаспадароў не паквапіцца, цьмяная лампадка на Вострай Браме паглядала дакорліва, не абяцаючы ратунку без раскайвання і епітыміі, і не заставалася іншага шляху, як пераскочыць цераз знаёмую каменную агароджу з вышчарбінкамі, куды так зручна ставіць ногі, трохі перачакаць, каб крокі пагоні сціхлі, пагладзіць рудога калматага сабаку па мянушцы Піфагор і пашкрэбсціся ў зачыненую зялёную аканіцу, стараючыся прасіцца як мага больш жаласна:

      – Пані Саламея! Пан Лёднік! Гэта я, Пранціш! Можна ў вас пераначаваць? Я ключ ад свайго пакою згубіў, не магу патрапіць у канвент… І нагу падвярнуў…

      І пачуць, як пад буркатлівыя праклёны гаспадара і супакойлівыя рэплікі гаспадыні бразгаюць замкі, прыадчыняюцца дзверы, і нырнуць у выратавальнае цяпло сяброўскае хаты, дзе заўсёды дзеля няшчаснага студыёзуса Вырвіча ёсць вольны тапчанчык, і схавацца з галавой пад пуховую коўдру, забыўшыся на радзімку панны Агнешкі, начную вазу ейнай цёткі і на тое, што заўтра зранку – заняткі па рыторыцы, да якіх Пранціш падрыхтаваўся не лепей, чым індык да заплыву ў Вяллі. А каб сон быў саладзейшы, уявіць адну высакародную паненку, з гарэзнымі вачыма і ўсмешлівымі вуснамі, з фанабэрыстым імем Паланэя, якая зараз, магчыма, таньчыць на балі ў Варшаве – бо балі там могуць гудзець і да раніцы, і не хапае сярод палкіх кавалераў пана Пранціша Вырвіча гербу Гіпацэнтаўр. Але надыдзе, надыдзе час, калі загарыцца зорка пана яскрава, як камяні на гетманскай булаве, і Фартуна і ўласная адвага падораць яму тытул і славу, вартыя ўвагі князёўны са славутага роду Багінскіх.

      Вільня працінала неба цёмнымі шпілямі храмаў, і празрыстая халодная кроў усё крапала і крапала на чарапічныя ды гонтавыя дахі, на брукаванку і траву,

Скачать книгу