Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл страница 24
«Прабач, што я парушыла абяцанне, Джэк, – сказала яна, – але калі б ты ведаў усе акалічнасці, я ўпэўненая, ты б мне дараваў». – «Дык раскажы мне ўсё», – сказаў я.
«Я не магу, Джэк, не магу», – заплакала яна.
«Пакуль ты не раскажаш мне, хто жыве ў гэтым доме і каму ты падарыла фотаздымак, паміж намі не можа быць ніякага даверу», – сказаў я і, вырваўшыся ад яе, выйшаў з дома. Гэта было ўчора, містэр Холмс, і я не бачыў яе з таго часу і не ведаю больш нічога пра гэтую дзіўную справу. Гэта першае, што азмрочыла нашыя стасункі, і я так знерваваўся, што проста не ведаю, як мне быць. Раптам сёння раніцай я зразумеў, што вы можаце даць мне параду, таму адразу паспяшаўся да вас – і цяпер цалкам аддаюся ў вашы рукі. Калі вам нешта засталося няясным – прашу вас, задавайце пытанні. Але перш за ўсё скажыце мне хутчэй, што рабіць, бо я ўжо не магу цярпець гэтай пакуты.
Мы з Холмсам зацікаўлена слухалі гэты незвычайны перарывісты аповед усхваляванага чалавека. Мой кампаньён нейкі час сядзеў моўчкі, падпіраючы рукой падбароддзе, занураны ў свае думкі.
– Скажыце, – прамовіў ён урэшце, – ці можаце вы паклясціся, што ў акне бачылі чалавечы твар?
– Кожны раз, калі я яго бачыў, ён быў даволі далёка ад мяне, таму тут немагчыма паклясціся.
– Аднак вы былі ім непрыемна ўражаныя.
– Мне здавалася, што ён нейкага ненатуральнага колеру, да таго ж нібыта здранцвелы. Калі я падыходзіў бліжэй, ён рэзка знікаў.
– Як даўно вашая жонка папрасіла сто фунтаў?
– Недзе з два месяцы таму.
– Вы бачылі фотаздымак яе першага мужа?
– Не, у Атланце, у хуткім часе пасля яго смерці, быў пажар, і ўсе яе паперы згарэлі.
– Але ў яе засталося пасведчанне аб смерці. Вы казалі, што бачылі яго.
– Так, пасля пажару яна атрымала дублікат.
– Вы ведаеце каго-небудзь, хто быў знаёмы з ёй у Амерыцы?
– Не.
– Ці гаварыла яна пра тое, каб зноў наведаць Амерыку?
– Не.
– Можа, яна атрымлівала адтуль лісты?
– Не.
– Дзякую. Зараз я хацеў бы крыху абдумаць справу. Калі цяпер у катэджы пастаянна пуста, будуць пэўныя цяжкасці. З іншага боку – што я лічу больш імаверным, – калі жыхароў папярэдзілі аб вашым прыходзе і яны сышлі да таго, як вы ўвайшлі ўчора, то сёння яны ўжо маглі вярнуцца, і мы з лёгкасцю ўсё гэта высветлім. Дазвольце параіць вам, такім парадкам, вяртацца ў Норберы і зноў праверыць вокны катэджа. Калі ў вас будуць падставы думаць, што ў ім нехта жыве, не трэба зноў прыходзіць да мяне – проста дашліце нам тэлеграму. Мы з сябрам прыедзем да вас не пазней як праз гадзіну пасля яе атрымання, і тады вельмі хутка дабяромся да сутнасці