Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік). Артур Конан Дойл
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік) - Артур Конан Дойл страница 18
– Вы можаце цалкам давяраць містэру Холмсу, сэр, – фанабэрліва адказаў агент паліцыі. – У яго свая хітрая метода, магчыма, ён трохі зашмат тэарэтызуе і фантазіруе, калі мне будзе дазволена так сказаць, але падае надзеі як дэтэктыў. Варта згадаць хаця б тое, што ў справе з забойствам Шолта і скарбамі Агры ён раз ці два ледзь не абскакаў афіцыйны вышук.
– О, калі вы так кажаце, містэр Джонс, то ўсё добра, – пачціва сказаў незнаёмец. – І ўсё ж мне так шкада прапускаць гульню ў робер-брыдж. Гэта мая першая субота без брыджу за дваццаць сем гадоў.
– Мяркую, вы разумееце, што вашая стаўка ў сённяшняй гульні нашмат вышэйшая за ўсе ранейшыя і што гульня больш захапляльная. Вы, містэр Мэрыўэзэр, згуляеце на трыццаць тысяч фунтаў, а вы, містэр Джонс, – на чалавека, да якога хочаце дабрацца.
– Джон Клэй, забойца, злодзей, махляр і фальшываманетчык. Гэта малады чалавек, містэр Мэрыўэзэр, але ў сваёй прафесіі ён пераўзышоў усіх. Сярод крымінальнікаў Лондана менавіта на яго я больш за ўсё хачу надзець кайданкі. Ён адметны чалавек, гэты маладзён Клэй. Яго дзед – герцаг, а сам ён вучыўся ў Ітане і Оксфардзе. Яго розум такі ж вёрткі, як і пальцы, і нягледзячы на тое, што яго след сустракаецца нам тут і там, мы ніяк не можам знайсці яго самога. Вось ён абкрадае багаты дом у Шатландыі, а на наступным тыдні ўжо збірае грошы на будаўніцтва дзіцячага дома ў Корнуале. Я іду па ягоным следзе ўжо некалькі гадоў, але так і не пабачыў яго на свае вочы.
– Спадзяюся, сёння мне выпадзе магчымасць вас прадставіць. Раз ці два я таксама сутыкаўся з тым, што ўчыніў Джон Клэй, і пагаджуся, што ў сваёй прафесіі яму няма роўных. Між тым цяпер палова на адзінаццатую, час выходзіць. Прапаную вам двум сесці ў першы экіпаж, а мы з Ўотсанам паедзем следам у другім.
Падчас доўгай паездкі Шэрлак Холмс быў не асабліва гаваркі і, адкінуўшыся на спінку сядзення, вуркатаў мелодыі, пачутыя ўвечары. Колы кэба грукаталі па бясконцым лабірынце асветленых газавымі ліхтарамі вуліц, пакуль мы не прыбылі на Фарынгтан-стрыт.
– Адсюль ужо недалёка, – сказаў мой сябар. – Гэты Мэрыўэзэр – дырэктар банка, ён асабіста зацікаўлены ў справе. Я падумаў, што добра будзе задзейнічаць і Джонса. Ён хлопец неблагі і, хоць у сваёй прафесіі абсалютны ідыёт, мае станоўчыя рысы. Ён бясстрашны, як бульдог, і ўчэпісты, як амар, калі ўжо нехта трапіцца яму ў клюшні. Дарэчы, мы прыехалі, вунь яны нас чакаюць.
Мы апынуліся на той самай люднай вуліцы, дзе былі раніцай. Адпусціўшы экіпажы, мы скіраваліся за містэрам Мэрыўэзэрам, які правёў нас праз вузкі праход і бакавыя дзверы, якія ён адчыніў. За імі быў кароткі калідор, які заканчваўся таўшчэзнай жалезнай брамай. Яе нам таксама адчынілі, і мы спусціліся па каменных прыступках пакручастай лесвіцы да другой вялізнай брамы. Містэр Мэрыўэзэр спыніўся, каб запаліць ліхтар, а потым павёў нас праз цёмны праход, дзе пахла зямлёй, і нарэшце,