Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Ціша (зборнік) - Андрэй Федарэнка страница 2
Звычайна бабуля вінавата адмоўчвалася. Толькі прасіла ціха: – Не сварыся, донечка… – Я не сваруся, мама! Я проста так кажу! Былі б грошы – не было б клопату…
Ужо гэтыя грошы! З чаго б маці ні пачынала, абавязкова на іх збівалася. Яна нібы проста так, сама сабе, як бы паміж іншым пачынала ўпікаць бабу Домну, што тая – удава героя вайны, жонка загінуўшага франтавіка, вось цэлых адзінаццаць гадоў не хоча атрымліваць законную грашовую дапамогу, гэтак званыя “ўдовіныя”. – Гэта ж столькі грошай ляснула – падумаць страшна!
І ўсё з-за драбязы (лічыла маці), ад гонару, звычайнага капрызу. Начальства ўсяго толькі хацела перанесці прах Андрэя з слабадскіх могілак ў брацкую магілу каля аэрадрома, а Домна не давала дазволу. Прычым у такой рэзкай форме, што начальству хоць вушы затыкай.
– Адступіцеся! Я не ведаю, каго вы там у вашай братняй магіле пазбіралі ды пазакопвалі! – Не ў нашай, – цярпліва папраўлялі яе. – Не наша яна, а агульная. Гэта народны сімвал.
– Хай сімвал, а я дазволу не даю!
– Ды зразумей ты: мы ж не для сябе – для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю…
– Ён мне не кажа, што яму там кепска! – Ну падумай сама – школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць – перад дубовым крыжам?
– Вадзіце куды хочаце. – …А брацкая магіла – гэта ж прыгожа, велічна, культурна… Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя… – Хай золатам, хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце – я рыдлёўку пазычу.
– Глядзі, дажартуешся! – намякалі ёй. – Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца…
Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў – у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду… Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, – так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва… І асеў… Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць