Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч страница 11
– Здраствуйце, гаспадзін учыцель, – павіталіся яны так, як навучыў Садоўскі – чалавек местачковы, ён ведаў расійскія тытулы і звычаі.
– Здравствуйте, – адказаў настаўнік, падпісаў правераны сшытак і падняў вочы на гасцей. – Што, вучань? Чаму так позна? Урокі ўжо два тыдні ідуць.
– Не хацелі мы хлопца голым у людзі выводзіць, а пакуль справілі яму ўсё, што належыць, час прайшоў. Дый не ведалі мы, што навука так рана мае пачацца, – патлумачыў Балашэвіч, спрабуючы як найлепей па-расійску казаць.
– А вы не з мястэчка? – угледзеўся ў іх апратку настаўнік.
– Не, з хутару, адсюль далёка.
– Ага. А колькі ж яму гадоў? – дапытліва зірнуў ён на Стаха.
– Толькі-толькі дзесяць споўнілася.
Стах не вытрымаў і шмыгануў за бацьку.
– Ну вот, такі сільны хлопец, а за бацькам хаваецца. Хадзі сюды.
Балашэвіч за руку падвёў сына да стала.
– Чаго баішся? – супакоіў Стаха настаўнік, гладзячы па галаве. – Варта смялейшым быць. У мяне ў школе хлопцы ёсць яшчэ меншыя за цябе – і не баяцца. Скажы мне, ты чытаць ужо ўмееш?
Стах кіўнуў.
– Чытае, і ўжо нават хутка, – паведаміў бацька.
– Праўда? На вось прачытай мне адсюль, – паказаў Грывень у падручніку для другога аддзела.
Стах той урывак прачытаў – ціха, баязліва і не ўсюды правільна ставячы націскі, але бегла.
– Вельмі добра, маладзец, – пахваліў настаўнік і пацягнуўся па тоўстую кнігу, што ляжала на рагу стала. – Пойдзеш адразу ў другі аддзел. А зваць цябе як?
– Стась Балашэвіч.
Па ясным і прыязным дагэтуль твары настаўніка прабегла грымаса.
– Стась… Добра… Да-да, Стась… – мармытаў ён сабе пад нос, гартаючы старонкі і ўглядаючыся ў некаторыя. – Ведаеце што, панове, – сказаў ён урэшце, – не магу я вашага хлопца прыняць. Ужо зашмат запісалася. Няма месцаў. Чаму ж раней не прыйшлі!
Ад радасці Стаху хацелася руку настаўніку пацалаваць. Садоўскі з Балашэвічам панура пераглянуліся.
– Дык, значыць, мы горшыя за рускіх? – прамовіў гарачы норавам Балашэвіч высокім голасам. – У войску аднолькава служым, падаткі тыя самыя плацім, а як у школу – дык месцаў няма. Такая ў вас справядлівасць?
– Я не магу яго прыняць таму, што вы позна прыйшлі і няма месцаў. Я па нацыянальнасці не дзялю. І палякі ў школе ёсць, і габрэі. Але ўжо запісалася больш як сто вучняў, таму не магу больш прымаць і маю на гэта права.
Садоўскі хацеў быў сказаць, што адмоўнае рашэнне Грывень прыняў пасля таго, як даведаўся прозвішча хлопчыка, але падумаўшы, хітра падміргнуў