Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Пошукі будучыні - Кузьма Чорны страница 16
– А ўжо вельмі доўга вайна цягнецца, а ад бацькі ні разу пісьма не было. Я ўжо ведаю, што яго няма жывога.
Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!
Як гояцца раны зямлі! Ззяе ямінамі разварочаная рыдлёўкамі зямля. Або ляжыць перад чалавечымі вачыма земляное калецтва, калі пройдзе па ёй, як гэта сёння, у нашы ганебныя для чалавецтва дні, ганьба чалавечага генія, танк – стварэнне чалавека дзеля смерці чалавека. Або крывавыя раны зямлі, прабітыя бомбамі. Чорная зямля па краях і дзеля напамінку чалавеку, што ён горш за звера і жывёлу, – травіна, прыліплая да земляной раны. Сонца сушыць скалечанае месца, палошчуць дажджы, абвяваюць вятры. Ідзе час. І няма калецтва: ужо ўсё зарасло травой, ужо і дрэўца пасеялася і ўзышло. Расце ўсё вышэй і ўжо здалёк відно. І на месцы, дзе ззяла рана, красуе хараство, і, здаецца, ніякае ўтрапенне не кране тут жыцця прыроды і чалавека. Вялікі доктар – час – спакойна і безупынна ідзе па свеце і лечыць, і гоіць.
Скруха і смутак тупелі і ўсыхалі. Яны ішлі да свайго поўнага знікнення. Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўным мінулым. Праца ўраўнаважвала яго душу. Цяпер ён рыхтаваў немудрашчую Волеччыну гаспадарку да вясны. Льга думаць, што ён, у гэты час свае маладосці, вельмі мала закідаў думкі далёка наперад. Вельмі можа быць, што тут і пачыналася яго шчасце: прынамсі цяжкая паняверка не гняла яго душы і не сеяла ў ёй смутку. Чалавек меў радасць ад усяго таго, што рабіў кожны дзень. Так гартавалася і яго дужасць. Ён браў у пуні на плечы цэлы мех збожжа і сумысля праносіў перад вокнамі хаты, каб Волечка бачыла, што ён за чалавек. Тая ж Волечка быццам бы старалася патрапляць яму ў тон: ён не любіў, калі яна бывала нудная:
– Ты зноў расскоглілася? Баба дурная! Бацька пісем не шле, а возьме і сам калі-небудзь з'явіцца ў хаце. Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа яна цяліцца скора будзе.
– А хіба я магу пазнаць, калі яна там будзе цяліцца?!
– Дык навучыся пазнаваць, калі хочаш быць добрай гаспадыняй!
А хіба яна хацела ці не хацела быць гаспадыняй? Яна жыла так як жылося. Так жа было і з ім. Яны абое належалі да таго пакалення, якое не ведала сапраўднага маленства. Але затое перад імі стаяла ўжо іхняя маладосць. А каб хто ім сказаў, што другое пасля іх пакаленне (іх дзеці) ужо і маладосці мець не будуць, што іх маладосць з'есць чужы прышэлец? Хіба была б у іх вера ў гэта? Яны ж так моцна якраз цяпер пачыналі адчуваць блізасць усемагутнай маладосці!
Прыйшла і прайшла вясна. Кастусь узараў усё і пасеяў. Грошы за таго Вольчынага каня ляжалі ў прыскрынку, разам з тым золатам. Прыйшло лета. Удваіх з Волькаю яны жалі дзень пры дні. Ужо аднекуль з лесу ці з саду на ржышча пад свежы сноп заляцеў жоўты лісток. Першая яна заўважыла яго:
– Глядзі, глядзі, восень! – І ўздыхн