Трэцяе пакаленне. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорны страница 5
– Што? – выйшаў з цярплівасці Кандрат Назарэўскі. – Праз гадзіну мы з вамі паедзем далей! Заязджайце ў які-небудзь двор!
Холадна і спакойна, як быццам бы нічога не было, Скуратовіч сказаў:
– Унь там хата майго знаёмага, туды заедзем.
Завярнулі ў двор. Кандрат Назарэўскі ўвайшоў у хату. Там быў адзін толькі хлапчук, год яму было не больш пяці. Ён сядзеў на зямлі і чэрпаў вялікай лыжкай з гаршка нейкую шэрую калатушу. Твар у яго быў страшэнна замурзаны.
– Дзе ж усе вашы?
– Няма нікога дома, – катэгарычна адказаў ён, – Тата на рабоце (памаўчаў). А Зося наша дома не жыве (гаварыў ён нейкім дзіцячым басам).
– А дзе ж жыве ваша Зоська?
– У Скуратовіча служыць.
«Ці не тая, што авёс жала і пра коні гаварыла?»
Кандрат Назарэўскі хапіўся за кішэні, але што там у яго магло быць, каб даць на пацеху ці на асалоду гэтаму дзіцяці? I ён нагарнуў сабе пад галаву ўсялякіх лахманоў і лёг на лаве. «От, чорт, – думаў ён пра Скуратовіча, – як ён намучыў мяне, сабака». Хлапчук усё боўтаўся ў гаршку.
Спаў ці так драмаў Кандрат Назарэўскі? Яму не хацелася нават паварушыцца. Цішыня ў хаце была нязвыклая. Яна цягнулася аж датуль, пакуль не ляпнулі дзверы і ў хату хтосьці не ўвайшоў. Гэта была тая самая дзяўчына.
– Які ты мурзаты, – сказала яна да хлапчука.
Яна намачыла ручнік і выцерла яму твар.
– На, – дала яна штосьці яму.
– Сала? – узрадаваўся малы. – Дзе ж ты ўзяла, Зоська?
– Табе прынесла.
Ядучы, ён дурэў з сястрой, пасля кідаўся на ложак, куляўся там, заходзіўся бесклапотным смехам.
– Чалавека пабудзіш! – сцішала яго яна.
Кандрат Назарэўскі падняў галаву. Яна пазнала яго і не здзівілася, толькі глядзела на яго так, быццам чакала нейкага растлумачэння. Ён расказаў, што не мог адразу ехаць, бо ранены і яшчэ не паправіўся.
– А пакуль фурманку дастаў гэтую, дык патузаўся з гэтым Скуратовічам.
– Я таго і дадому прыйшла, што бяда мне цяпер будзе. Я без усялякай хітрасці сказала, што коні яго ў лесе, а пасля адумалася, што ён жа і сам ведае.
– А каб вы спачатку адумаліся, дык бы не сказалі?
Яна зразумела, што гэтым хацеў сказаць чырвонаармеец, і адразу не магла адказаць. Яна загаварыла як быццам пра іншае:
– Я не ведаю, што мне цяпер рабіць. (Вочы яе заблішчалі ад слёз.) Я ўжо баялася быць там, мяне там елі б, грызлі б. Ужо дзён тры мне спакою не будзе. Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Там ужо гаспадыня панясе гэтаму Толіку ў ельнік есці, дык той ёй раскажа ўсё. Яна мяне заесць. Я дадому сюды прыбегла, аж бачу – Скуратовіча конь стаіць.