Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Дзень Святого Патрыка - Ганна Севярынец страница 20
І Клаву Салтыкову, напэўна, адзіную, хто мог бы зацяжарыць ад Максіма і ажыццявіць ягоную мару, і нарадзіць прыгожаму хлопцу прыгожае дзіця, яна не любіла звычайнай жаночай нелюбоўю, якая заўсёды нараджаецца з рэўнасці.
Гэтая гераіня знакамітага «Інтымнага дзённіка» Максіма падавалася ёй (і, далібог, была!) такой прасцячкай і пустэчай, што нават крыўдна станавілася за паэта. Марына бачыла дакладна, нібыта сама гушкалася ў тых сумных гамаках на лецішчы ў Старым Крыме, дзе Максім і Клава лячылі сухоты: вось хударлявая, смуглявая, зухаватая Клава, зарана выдадзеная замуж за неблагога, па сутнасці, але нуднага чалавека, вось сарамяжлівы, відавочна няўмелы ў любошчах, але ж малады і прывабны Максім, вось лецішча, на якім павінна, ну абавязкова павінна здарыцца нейкая рамантычная авантура… Ёй – авантура, а яму?
Калісьці Дамейка ледзь не аблівалася слязьмі над гэтым «Інтымным дзённікам» – натхнёнымі, юнацкімі запісамі, у якіх узрушаны Максім фіксаваў Клавіну «авантуру»: і як яна рабіла выгляд, што не заўважае, і як, хаваючыся ад малодшай сястры, запрашала пагуляць вакол лецішча, і як сядала яму на калені, і як яны цалаваліся ў гамаку, і пра тое, як, здымаючы Клавіну сукенку, пераблытаў накірунак і паспрабаваў зняць праз ногі…
Забудется многое, Клава,
Но буду я помнить всегда,
Как в сердце шипела отрава
Любви, и тоски, и стыда…
Нехта пісаў, маўляў, Максім у гэтых радках нібыта выбачаецца перад мужам Клавы. Адчувае сорам… Марына была ўпэўненая: гэта яму за сукенку было сорамна. Ну ўявіце сабе: вы першы раз з жанчынай, і так жа хочацца падацца малайцом, а тут гэтая сукенка… І яна кажа: «Праз галаву паспрабуй».
Дарэчы, гэты славуты верш пра Клаву для Марыны быў найлепшым доказам Клавінай пустэльнасці, якую адчуваў і Максім – не мог не адчуваць. Першая страфа – прыгожа. Кранае. Складна нават. Не шэдэўр, канешне, але ж… І тут раптам – другая страфа…
Тебя в темно-синем платочке
И песню, что пела мне ты:
Прошли золотые денечки.
Осталися только мечты.
І гэтая Клава, і гэтая хустачка, і гэтая песня – такі шансонны дысананс побач з высокімі словамі першых радкоў! Так і бачыцца ніякае гэтае дзяўчо, якое балявала, як умела, на лецішчы ў Старым Крыме. Якая Клава – такія вершы.
Але ж можа быць, што Дамейка проста раўнавала.
О, як падабалася Марыне, што яна засталася адзінай гаспадыняй гэтай чароўнай літаратуры… І Багдановіча. Сама сабе літаратуразнаўца, сама сабе суддзя і вырак. Падабаецца ёй першая палова «Клавінага» верша? Так і запішам: шэдэўр. Не падабаецца другая? Спішам на Клаву. Усё так, як павінна быць. Канешне, Марына адчувала нейкі цень клопату, калі думала, што выпадковы ці невыпадковы чытач будзе бачыць беларускую літаратуру вачыма Дамейкі. Адказнасць.