Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Знак Вялікага магістра - Вольга Іпатава страница 22
– Тлушч цячэ са жмені, пальцы растапыраныя, жорсткія, як галузь, а ён табе гэты ком гарачы таўчэ ў глотку, а сам смяецца-заліваецца, калі ты не паспяваеш праглынуць і калі гарачая гэтая каша табе на рукі і на кашулю падае…
– расказваў-скардзіўся пад час вячэры ці абеда бялявы сухарлявы хлопец, з асалодай чэрпаючы драўлянай лыжкай распараны ў мёдзе аўсяны кісель, які ён асабліва любіў.
Калі ён упершыню пасля палону сеў нарэшце за стол і выпрастаў ногі на ўсю даўжыню, не мог нарадавацца: звык сядзець скурчыўшыся, падагнуўшы ногі пад сябе. Перад тым прагна схапіў чыстую палатняную кашулю, бо пунсовая шаўковая, з усходнімі кругамі-узорамі, за два месяцы ўцёкаў з Арды сатлела ад гарачага юначага поту і выглядала як рыззё. І дзелію, плашч, падшыты бабровым футрам, атрымаў, і каптан суконны сіні, і боты таксама, але не мог увесь першы тыдзень усунуць туды ногі, зраненыя і збітыя да крывавых мазалёў пад час блуканняў па стэпе. Вітаўт ухваляў смеласць юнака, які змог збегчы ад зоркіх і пільных вояў Арды. Пасля перамогі яго бацькі на Куліковым полі над Мамаем хан запатрабаваў ад Дзмітрыя восем тысячаў сярэбраных рублёў за сына – закладніка. Не падняць было Дзмітрыю маскоўскаму такія грошы, не сабраць іх з усяго ягонага княства, бо многія страты панёс ён ад татараў, таму Васіль уратаваў сваё жыццё ўцёкамі і, выходзячы са стэпаў, дзе хаваўся амаль два месяцы, дачакаўся, пакуль вернецца назад татарская пагоня. Першым горадам, дзе ён не пабаяўся азвацца, стаў Луцк, і тут ён залечваў свае цялесныя і душэўныя раны. Да таго ж, ужо ў першы вечар, калі сабралася за княскім сталом уся Вітаўтава радня і чэлядзь, агледзеў малады княжыч дачку гаспадара Луцка, князёўну Соф’ю, а тая ў сваю чаргу кінула вока на ўцекача. Чарнавалосая, смелая і рашучая Соф’я першаю загаварыла з Васілём, так што той ажно разгубіўся, бо прывык да маўклівых татарак, што зверавата глядзелі на юнака-русіча і заўсёды гатовыя былі кінуць на яго аркан і пагнаць каня, не азіраючыся на палоннага. У Масковіі ж баярышні таксама былі іншыя: адно сядзелі, як вечныя палонніцы, за карункавымі рашоткамі акенцаў ды чакалі, пакуль бацька загадае выйсці да нарачонага, якога выбраў сам і якога яна бачыць упершыню ў жыцці. Таму, выходзячы замуж, плакалі-галасілі тыя дзяўчаты, і песні былі жалобныя ды гаротныя. Толькі чорная чадзь ды рамеснікі не трымалі сваіх дачок за высокай сцяной церамоў, і тыя свабодна выбіралі сабе каханых, да таго ж, часта сыходзіліся на гульнях ды на розных