Сівая легенда. Уладзімір Караткевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сівая легенда - Уладзімір Караткевіч страница 4
У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.
Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі.
– Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.
– У іх свой звычай, – сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.
А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне пабірай!
Праўда, тут усе, акрамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.
– А вы сядайце за стол, пан Кандрат, – сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя, – зараз усе прыйдуць.
– Ваенную раду ўчынім, – сказаў муж.
Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю – і ваенная рада.
Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын, – і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.
Гэты, выяўляецца, мыўся, і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў, акрамя выканання службы, яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.
Потым з’явіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.
Кожны сеў з боку «свайго» гаспадара, у канцы стала, і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.
– Прыгразілі, што іначай выганім, – шапнула пані Любка.
– А зараз іх наогул вадою не разальеш, – буркнуў Кізгайла, – п’юць разам і зневажаюць Бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.
– Нічога, Бог за легкадумнасць даруе, – сказала гаспадыня.
– Яшчэ манахі ёсць? – спытаў я.
– Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, – скрывіла яна губку.
– Якія?
– У шэрых расах.
Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.
З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам – ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.