На парозе раю. Зінаіда Дудзюк
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу На парозе раю - Зінаіда Дудзюк страница 3
– Так, гэты сервіз я прывезла адтуль.
– Гляджу я на ваш малады фотаздымак. Вы такая прыгожая!
– Маладыя ўсе прыгожыя, – паблажліва адказала гаспадыня.
– Скажыце, вас білі на допытах?
– Не, не білі, але спаць не давалі.
– Як гэта?
– Уначы дапытвалі, а ўдзень не дазвалялі класціся на ложак.
– Як жа вы гэта вытрымалі? – са спачуваннем спытала Юля.
Жанчына апусціла вочы, паўзіралася ў змесціва кубка і ціха прамовіла:
– Зрэшты, мне не было ў чым прызнавацца. Я прыняла ўмовы гульні, згадзілася з усімі абвінавачваннямі, падпісала нейкія паперы і мяне пакінулі ў спакоі да суда, на якім прызначылі дзесяць гадоў пакарання, а потым завезлі ў Сібір, у Бадайбо. Чулі пра такі горад, дзе здабываюць золата? Вось і ўся гісторыя.
Клаўдзія Міхайлаўна паглядзела Юлі ў вочы, нібы правяраючы, ці прыняла тая на веру сказанае, і супакоілася. Журналістка, не выяўляючы ніякага недаверу, пачала нешта запісваць у нататнік, а потым спытала:
– Як вам там было?
– Цяжка, – уздыхнула старая. – Спачатку пасылалі на лесапавал. Маразы ў сорак градусаў, або восеньская слота, або летняя спякота і гнюс – няма паратунку. Пакуты пякельныя! Жанчыны там больш за чатыры гады не вытрымлівалі. Мяне ўратавала тое, што я ўмела шыць. Праз год мне знайшлася праца ў швейнай майстэрні. Там таксама было не соладка, але ж я працавала ў памяшканні, а не на марозе. Калі жонкі ахоўнікаў даведаліся, што я некалі была мадысткаю, сталі шыць у мяне свае строі, часам частавалі чым-небудзь смачным. Так і выжыла.
– За што ж вас пасадзілі? – ціха прамовіла Юля сваё галоўнае пытанне.
– Вой, Юлечка, я і сама да гэтага часу не магу зразумець. Нейкі звышпільны нкусавец у маёй любоўнай запісцы, адрасаванай аднаму чалавеку, разгледзеў прыкметы нянавісці да савецкай улады і маю схільнасць да шпіёнства. Ніколі не думала, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, пасадзяць у турму.
Юля адсунула свой кубак з недапітаю гарбатай і пачала хуценька запісваць. Настаў той момант, калі, як здалося журналістцы, жанчына разгаварылася, цяпер заставалася толькі разумна ставіць пытанне за пытаннем.
– Вы ў некага закахаліся?
– Так. Але ён аказаўся жанатым. І што я ў ім знайшла? Проста ачмурэнне нейкае навалілася. Ці мо інстынкты мною кіравалі? Жонка ў яго была раўнівая. Мой ліст да яго перахапіла, напісала на мяне данос куды трэба. Карацей, за ўсё трэба плаціць, – развяла рукамі жанчына, на твары яе было напісана пакаянне, як у грэшніцы, якая шкадавала аб сваім учынку.
– Разумею. А дзе ж вы працавалі пасля турмы?
– Уладкавалася ў бібліятэку дзіцячага дома. Сваіх дзяцей у мяне не было, усю любоў я аддавала гэтым сіроткам. Яны мне пасля лісты пісалі з усіх канцоў краіны.