І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік - Валеры Гапееў страница 2
– А што крыўдаваць? – адмахнуўся Андрусь. – Я ж у люстэрка сябе бачу. Ну так, ад зямлі, і зямля з пазногцяў ніяк не выкалупваецца. Бачыў бы ты тую вёску, у якой я нарадзіўся і рос – ваўкі зімой па надворку шнырылі. То ўжо пазней мы ў райцэнтр пераехалі. Маці з бацькам паў-кабана дырэктару ліцэя завезлі, каб узяў. “Вучыся, хоць каб ты з віламі не пражыў жыццё”. Два тыя гады я начамі не спаў – вучыў. Усё ў лепшыя меціў. Ну во і паступіў сюды… Ат, вучоба – не галоўнае, тут дапяў. Фарту як не будзе, то згніеш там, дзе нарадзіўся. Мне што свеціць? Па размеркаванні ў які калгас, інжынерам ці загадчыкам мехмайстэрні. У жонкі вазьму, як пашанцуе, настаўніцу з тых, што па размеркаванні гэтаксама запруць у балота, нараджаем аглаедаў, будзем бульбу садзіць, парсюкоў гадаваць… Перспектыва! – з лёгкай горыччу выгукнуў ён.
– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?
– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.
– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.
– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прыжмурыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.
– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?
– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава усміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?
– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!
– Ого! Сапраўды? А праз што?
– Праз каго… Мне мой сябар лепшы урабіў.
– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.
– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…
– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.
– Што чакаць? – напружыўся Даніла, адставіў убок шклянку.
– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая