Дараванне. Коллектив авторов

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Дараванне - Коллектив авторов страница 3

Дараванне - Коллектив авторов Сучасная беларуская лiтаратура

Скачать книгу

Прыкладам, той, хто пакутуе на хваробу Альцгеймера, імгненна забывае, што было ўчора, затое падзеі, якія адбываліся паўвека таму, паўстаюць перад ім як ніколі ярка. Ён не можа больш напісаць ані слоўка, нават калі быў першым вучнем у школе, не ўсведамляе, калі да яго звяртаюцца, перастае пазнаваць знаёмыя твары; тканка быцця, што складаецца са звычак, расплятаецца, як прагнілы гамак, і чалавек правальваецца ў пустату. У фінале адбываецца распад усіх навыкаў, застаюцца адно прымітыўныя рэфлексы. Усё гэта растлумачыў ім псіхіятр, на прыём да якога яны з Ральфам вазілі Ганса; і яшчэ ёй запомнілася, што розныя праявы той хваробы носяць нечакана прыгожыя грэчаскія назвы: агнозія, афазія, апраксія – тры сястры, тры антыподы Мнемазіны.

      Ральф заўважыў дзівацтвы ў паводзінах бацькі, калі той раптам забыў рэцэпт соусу, які гатаваў ужо гадоў сорак да нядзельных страў, – гатаваў на старой электраплітцы, бо новая пліта, занадта «нагорнутая», з панэлямі пукатых кнопак, якую Ральф купіў у крэдыт, у свае сорак пяць запланаваўшы, нарэшце, ажаніцца (тое, што нявесты яшчэ не было ў наяўнасці, яго не бянтэжыла), аказалася для старога занадта складанай. Потым высветлілася, што Ганс запамятаваў, як робіцца кава; аднойчы ён вырашыў закіпяціць на электраплітцы малако ў пластыкавым кубку – пах ва ўсім доме стаяў яшчэ той, але сам стары яго не адчуваў: якраз перад тым у яго раптоўна знік нюх. Калі ж ён стаў ездзіць па цэнтры дарогі, не прытрымліваючыся правай паласы і не рэагуючы на сігналы кіроўцаў, а потым пакінуў у Эбенсфелдзе «фальксваген» адкрытым насцеж і рушыў дадому пешшу, яго давялося адлучыць і ад машыны. Менавіта тады пачалася Вялікая Эпоха Ключоў: Ганс пераварочваў усё ў пошуках ключоў ад «фальксвагена», хаваў звязку ад уваходных дзвярэй і паштовай скрыні, пры гэтым, зразумела, імгненна забываючы куды; цяпер ужо ключы пачынаў шукаць Ральф, і той пошукавы сверб, нібыта заразная бацыла, адразу ж перадаваўся кожнаму, хто ўваходзіў у дом. Ганс па дваццаць разоў на дзень спускаўся ў гараж, каб паторгаць за ручку дзверцы машыны, але адным ранкам паглядзеў на свой «фальксваген» з адцягненай цікаўнасцю натураліста, нібыта гэта – адноўлены для Мюнхенскага музея прыродазнаўства шкілет брантазаўра. Пра існаванне агрэгата, што рэгулюе ступень абагравання дома газам, агрэгата, які сам жа і ўстанаўліваў чвэрць стагоддзя таму, ён неяк вельмі хутка забыўся, а вось пра печ і дровы помніў доўга, і паліў так, што ў доме стаяла сапраўдная Сахара. Гэта, натуральна, злавала Ральфа: яму нарыхтоўваць дровы. Калі раней Ганс штодня чытаў мясцовую газету, то цяпер праглядваў толькі калонку з некралогамі, а ў хуткім часе ўжо і не разумеў, навошта патрэбны той шматок паперы з жучкамі-літаркамі. А ў васьмідзясяты дзень свайго нараджэння (Ларыса якраз аформіла ў бальнічнай касе штомесячную дапамогу па доглядзе – цяпер яна лічылася афіцыйнай Kránkenpflegerin хворага, то бок сядзелкай) вельмі здзівіў суседку Аліцыю, якая зайшла на кубачак кавы, на яе ветлівае: «Колькі табе споўнілася, Ганс?» – урачыста адказаўшы: «Сямнаццаць!»

Скачать книгу