моцнай косці, з жывым і бойкім характарам. Як стрэлка гадзінніка перакуліла за поўдзень, Ліза, здарожыўшыся, захацела есці. Дзяўчына акінула позіркам месца абапал сцежкі, каб знайсці зручную, незацемненую палянку з прыдатным пнём, дзе можна было б, прысеўшы, крыху адпачыць і заадно перакусіць. Раніцай яны з Сашам, як заўжды, амаль не елі, толькі пасмакавалі гарачую каву ў прыкуску з пячэннем і спешна паехалі на працу. На сёння Ліза з сабой у лес прыгатавала на абед складзеныя канвертам бліны, начыненыя курыным мясам, а Саша яшчэ ўзяў з сабой літровы тэрмас з кавай на дваіх з суджанай, бо звычайна яны абедалі разам. Годных пнёў, каб зручна пасядзець, Ліза не знайшла: адны былі маленькія, іншыя далёка ад сцежкі, і ўсе яны былі пакрыты высокімі снежнымі шапкамі. Крыху падумаўшы ў такой неспрыяльнай абстаноўцы, якая склалася, Ліза вырашыла лепш перакусіць на хаду, ціха ідучы па заснежанай сцежцы. З сумкі, што вісела на плячы, дзяўчына выняла тэрмапакет, дастала адтуль адзін, яшчэ крыху цёплы блінчык і, адкусіўшы ад яго кавалачак, пачала есці. Цёпла-спакуслівы пах бліноў з мясам, перамяжоўваючыся з водарным пахам зялёнай ігліцы, падхоплены чуйным ветрыкам, далёка разносіўся па зімовым лесе. Не прайшла Ліза і сто крокаў, як нечакана ўбачыла, што недалёка справа ад сцяжынкі, з глыбіні лесу, агінаючы дрэвы і падымаючы клубы снегу, коцяцца прама на яе два пухнатыя камячкі. «Напэўна, паляўнічыя сабакі», – падумала адразу дзяўчына. Гэта часта бывае тут у разгар паляўнічага сезона. Не спускаючы вачэй з няпрошаных гасцей, Ліза перастала есці, спынілася і разважыла, што, калі гэта паляўнічыя сабакі, не страшна, яны звычайна не агрэсіўныя, але, добра прыгледзеўшыся, яна спужалася. Прама на сцежку, абганяючы адзін аднаго, імчалі два медзведзяняты.
Такіх малых яна бачыла неаднойчы ў вальерах для ўтрымання звяроў і нават карміла іх, а вось каб сустрэць мядзведзяў у лесе – не выпадала. Ліза, як адукаваны ляснік, добра ведала: медзведзяняты звычайна адны не ходзяць, значыць, хутчэй за ўсё, побач дзесьці іх маці. Пакуль дзяўчына спалохана разважала аб магчымых наступствах, шустрыя медзведзяняты ўжо былі каля яе.
Два досыць цяжкія камячкі свавольна куляліся і гулліва церліся каля ног Лізы, атрасаючы сваю пухнатую шэрстку ад снегу на штаны спалоханай дзяўчыны.
Яна напружана стаяла, апусціўшы рукі, і ад страху не ведала, што рабіць. Адно з медзведзянят стала на заднія лапы і, злаўчыўшыся, выхапіла з рукі Лізы разам з рукавіцай недаедзены блінчык. Пакуль медзведзяняты дзялілі сваю здабычу, дзяўчына дрыготкай рукой дастала з сумкі смартфон і здранцвелым ад страху пальцам стала шукаць у кантактах нумар Сашы. Ад хвалявання і слёз Ліза не магла чытаць і націснула пальцам наўздагад на адзін з нумароў. І вось поспех: з першага разу пайшлі гудкі.
– Слухаю вас, – пачуўся мяккі жаночы голас.
– Хто гэта? – надрыўна прамовіла Ліза.
– Лізачка, гэта я, Вераніка, што, не пазнала? – здзівілася супрацоўніца лясніцтва.