Вяртанне з апраметнай. Виктор Правдин

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин страница 21

Вяртанне з апраметнай - Виктор Правдин

Скачать книгу

нечакана здзiвiўся Серж i весела зарагатаў. – Калi так, то гэта ўсё мяняе… Баба з воза – кабыле лягчэй.

      – Я выпадкова пачула вашу сённяшнюю размову, толькi не зразумела, пра што гаварылi, – Ядзя ўстрывожана паглядзела на Калеснiка. – Ясна толькi, што ў цябе дзелавая сустрэча i, пэўна, ты захочаш, каб я начавала ў iнтэрнаце. Так?

      – Наадварот, я хачу, каб ты засталася, – Калеснiк каўтануў поўную чарку каньяку i сур’ёзна дадаў: – Мы з Iрынай рабiлi важную справу, цяпер яе няма, i я хачу, каб ты замянiла яе.

      – У чым? – сцiшылася Ядзя; яна адчула, як у душы варухнулася злосць на Iрыну, якая ўвесь гэты час была побач з Сержам.

      – Работа не зусiм звычайная, але капейку зараблялi добрую, – п’янавата ўздыхнуў Калеснiк. – Мы працавалi ўтраiх: я, Iрына i Iван. Iрыну ты бачыла, Iван вучыцца на адным факультэце са мной. Цяпер Iрына паехала, а без прыгожай жанчыны наш бiзнес лопне.

      – Я згодна дапамагчы, толькi што трэба рабiць?

      – Дай слова, што наша размова застанецца памiж намi, – ўзяўшы Ядзю за рукi, сцiшана прагаварыў Калеснiк i ласкава пагладзiў далонi, пацалаваў.

      – Канечне, любы, – пагадзiлася заiнтрыгаваная Ядзя.

      Серж яшчэ выпiў каньяку, закусiў тонка парэзаным i густа пасыпаным цукрам лiмонам.

      – Ты, пэўна, заўважала, што я жыву не па сродках?

      Ядзя згодна кiўнула i таксама надкусiла скрылёк лiмона.

      – Бацькоўскiх грошай хапае на тыдзень, а дзе браць астатнiя? – зноў спытаўся ў дзяўчыны Калеснiк.

      Ядзя з цiкаўнасцю глядзела на Сержа i моўчкi чакала тлумачэнняў.

      – Неяк я пажартаваў, – прыплюшчыўшы вочы, засяроджана працягваў Калеснiк, – выпадкова сфатаграфаваў знаёмага студэнта i дзяўчыну, што была з iм. Яны не зачынiлiся ў iнтэрнацкiм пакоi i спалi ў абдымках. Не ўцярпеў, зрабiў некалькi здымкаў i паказаў хлопцу. Пасля гэтага доўга хадзiў з падбiтым вокам. Жарт не ўдаўся, каханка аказалася замужняй, i сустракалiся яны тайна. Разумееш, пра што хачу сказаць? Сiняк прайшоў, а iдэя засталася, яна не давала спакою, стрэмкай упiлася ў мазгi. Прыйшоў такi дзень, калi я наважыўся рэалiзаваць свой план. Iрына з Iванам больш за ўсё падыходзiлi, бо былi вiнны мне грошы, i, канечне, пагадзiлiся. Мая задача заключалася ў тым, каб знайсцi клiента i пазнаёмiць увечары з Iрынай.

      – Ты прымушаў яе?.. – Ядзя адхiснулася ад Калеснiка. – Ты займаешся сутэнёрствам?

      – Май цярпенне выслухаць, – абурыўся Серж. – Я прыдумаў iншы i больш надзейны спосаб, як прымусiць чалавека, заўваж – самому, аддаць нам грошы. Знаёмiлiся мы звычайна ў рэстаране, потым Iрына вяла клiента на кватэру, пiлi шампанскае. Якi мужчына адмовiцца ад глытка шыпучага напiтку перад тым, як легчы ў пасцель з прыгожай дзяўчынай? Iрына ўпотайкi падсыпала ў шклянку снатворнае, i праз дзесяць – дваццаць хвiлiн клiент засынаў. Я i Iван чакалi сiгналу: даволi толькi мiргнуць святлом, i мы тут як тут. Спячага клiента распраналi, укладвалi ў ложак. Голая Iрына побач з iм. Фатаграфавалi, а ранiцай Iван выконваў ролю раз’ятранага мужа, якi нечакана вяртаўся з камандзiроўкi

Скачать книгу