і паляцеў, імкліва набраўшы хуткасць. За першым разам ён праляцеў няшмат, узляцеў і хутка сеў, быццам спрабуючы свае крылы. Але за другім разам, ужо ўпэўніўшыся, адчуўшы сябе, ён прамчаў паўкругам далёка, як бы праткнуў паветра, і крылы ягоныя заспявалі, і тутэйшае птаства з жахам пачула, зразумела амаль забыты ўжо посвіст, ад якога спынялася дробная калатня сэрцаў і гушчэла, застываючы ў жылах, кроў. Ястраб сеў на самай вяршаліне высачэзнай чорнай вольхі, і круглыя яго вочы, у якіх ніколі не прачытаць было, хочацца яму ўдарыць, ці спачыць, ці паклікаць ястрабіху, цяпер успыхнулі, загарэліся чырвоным і пільна зірнулі. Вось тады і замільгаў руды хвост у рэдкіх кустах, лісіца спяшалася, ні на што не зварачала ўвагі, адно кіруючыся да нары ў ажынніку, і хвост то тухнуў у зеляніне голля, то расквечваўся на роўным, біў у вочы. Ястраб сарваўся з вяршаліны, як стрэліў, ён падаў, нават не набраўшы вышыні, менавіта падаў наўскос, з кожным імгненнем набіраючы хуткасць, і пры самай зямлі, зрабіўшыся ў сваім падзенні амаль нябачнай, нейкай адной суцэльнай палоскай, маланкай, пры самай зямлі ястраб ударыў у рудую пляму. Лісіца, адчуўшы смерць толькі ў самы апошні момант, нават не паспела падставіць ёй ашчэраную морду, адно крыху павярнулася бокам, і кіпцюры-корды лёгка прабілі поўсць і сціснулі. Ястраб некаторы час нерухома сядзеў на мёртвай лісіцы, нават не пакручваў галавой, адно круглыя вочы ўспыхвалі і згасалі, мігцелі, бы вугалі ў прагарэлым вогнішчы. Потым ён страпянуўся, ударыў крыллем, некалькі разоў цяжка падскочыў разам з лісіцаю, не могучы адразу ад яе адарвацца – і рынуў у паветра. Забітая лісіца ўжо не існавала для яго, забіўшы, ён адразу на яе забыўся і паляцеў далей.
Лесавік бачыў усё, што адбылося, але ўмяшацца, дапамагчы лісіцы, выратаваць яе ён не мог. Ён толькі глядзеў, як узнік ястраб і перастрэў лісіцу. Што ж, гэта было жыццё звяроў, да якога ён, лесавік, не меў ніякага дачынення. Лесавік бачыў небяспеку для лісіцы з боку людзей, лісіцу ж забіў ястраб – і гэта ўжо было зусім іншае. І тым не менш яму шкада было лісіцы – як і любога іншага звера, птушкі, рыбы ў былой ягонай пушчы, – бо ўсяго жывога побач з лесавіком засталося няшмат. Мала пушчы – мала пушчанскага.
Можа, і сам ён быў ужо апошні лесавік ва ўсёй гэтай зямлі, дзе спрадвеку шапталіся, гаварылі лясы, дзе магутна і густа цяклі рэкі, дзе свяціліся вачыма-зоркамі азёры, дзе грукацелі, перагаворваліся паміж сабой навальніцы і панавала над усім асцярожная, чуйная цішыня – быццам поўна, як толькі можна, быў наліты ёю вялізны празрысты кубак, і ўсё наўкола не варушылася і не дыхала, баючыся гэтую цішыню разліць. А зараз у лесавіка было такое адчуванне, быццам зайшоў ён у сваё жытло-сховішча – і спыніўся ў сумным здзіўленні, не пазнаючы яго, бо ўсё змянілася ў ім, нават не ягонае яно ўжо, а чужое, і гаспадарыць у ім хтосьці іншы, незнаёмы. Пушча, дакладней, тое, што ад яе засталося, даўно не была ягонаю пушчай. Зрэшты, за тыя сотні гадоў, якія пражыў тут лесавік, ён навучыўся мераць час па чалавечых мерках – і гэта было зусім не дзіўна, не так далёка