У дварах уздымалася мітусня, гаспадыні, спяшаючыся, выпіхвалі з хлявоў марудных кароў і бесталковых цялушак, якія раптам застывалі ў дзвярах, бы спалохаўшыся чыстага паветра, пад нагамі скакалі, ваўчкамі круціліся сабакі, замінаючы людзям і быдлу, крыкі мяшаліся з брэхам, з розных канцоў вёсак ляцела працяглае рыканне, сакаталі ў хлеўчуках куры, гарлалі пеўні, вішчэлі парсюкі – і перакрывалі ўсё стрэлы пугі. «Вы-ы-га-аня-яй!..» І вёскі нагадвалі ўжо не мурашнік, а растрывожаны вулей, яны і самі як бы пачыналі рухацца разам са статкамі, якія барзджэй, чым заўсёды, каціліся да ваколіц. Гэты красавіцкі дзень таксама быў святам – святам першай травы, святам лесавіка і людзей. І вось такія святы падпіралі ўжо адно другое, ішлі хутка, гэтак жа хутка, як абуджалася, ажывала зямля, на якой жыў чалавек. Зямля, палі з загонамі, паплавы, поўныя траваў, лясы, – так, лясы, не надта чалавеку даступныя, – зямля была чалавечым домам, у якога ён прыходзіў і з якога ішоў. Гэта зямля давала яму свае святы, яна гаварыла, што менавіта вось у гэты дзень, цёплы і парны, трэба пачынаць сяўбу. У людзей гэты дзень называўся Правады, быў ён звычайна ў наступны дзень пасля Вялікадня, людзі выходзілі, выязджалі ў палі, разам з гаспадарамі, што ехалі коньмі, цягнулася як не ўся вёска са старымі і малымі, вёска ішла на свята. Гэтымі ж днямі людзі паміналі і сваіх продкаў. Памінанне мацавала іх, давала надзею на добрае, падтрымлівала, памерлыя як бы бласлаўлялі жывых на жывое. А дзявятага мая было днём, калі жыта родзіць. Бадай, гэта быў найгалоўнейшы веснавы дзень, бо ў нараджэнні жытоў былі дастатак і спакой чалавека, яго ўпэўненасць, ягоная думка пра будучыню. А ў будучыні – толькі лепшае, з гэтым прыйшоў на зямлю чалавек. І Зелянцом, Сёмухаю заканчвалася вясна сялянскага года, у гэты дзень таксама закружваліся карагоды, бо чалавек на свае вочы бачыў ужо зеляніну будучага хлеба.
Па гэтым прыходзіў Купала, дваццаць чацвёртага чэрвеня, у людзей сярэдзіна года, а ў лесавіка пачатак яго, бо купальская ноч – самая кароткая.
У лесавіка гэты дзень заўсёды быў найгалоўнейшым, яго адзінага ён чакаў і ніколі на яго не забываўся. І лесавіка, як гэта ні дзіўна, цешыла, што гэты дзень быў і вялікім людскім святам, святам, калі моладзь спрабавала ўгледзець сваё шчасце ці няшчасце, свой лёс. На Купалу, здавалася яму, людзі разумелі не толькі зямлю з яе лясамі і рэкамі, але разумелі і месяца ў ягоным блуканні сярод аблачын, разумелі зорак, што дрыжэлі-смяяліся, разумелі нават немарач, чарнату ночы, у якой хавалася апраметная таямніц. Магло быць, што людзі бачылі ў яе цемры і цені, постаці тых, хто быў на гэтай зямлі да іх, бачылі малюнкі будучыні свайго жыцця, бачылі дзівосны агонь папарацькветкі, нават бачылі такіх, як лесавік. Многае, вельмі многае магло быць на Купалу.
І ці не быў Купала той шпарай, шчылінай, у якую дазвалялася чалавеку зазірнуць, каб убачыць немагчымае? Пра гэта, увогуле, лесавік не надта задумваўся, а ягоны Купала, апрача ўсяго іншага, быў яшчэ і парою, калі ён уваходзіў