Святло далёкай зоркі. Уладзімір Касько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Святло далёкай зоркі - Уладзімір Касько страница 6
У 1884 г. Сержпутоўскі ў якасці настаўніка пераступіў парог Лучыцкага народнага вучылішча ў Мазырскім павеце. Крайняя галеча, норавы адсталай палескай вёскі напаўнялі сумам сэрца маладога настаўніка. Адзіную радасць прыносіла работа з дзецьмі, даследаванне быту і культуры мясцовага насельніцтва. Ён запісаў абрад Купалля ў вёсцы Заполле, вясельныя абрады – у вёсцы Лучыцы, замовы і праклёны, прымаўкі і прыказкі – у вёсцы Загалле. Багаты матэрыял для роздуму і асэнсавання існуючай рэчаіснасці давалі Сержпутоўскаму сустрэчы з простымі палешукамі. «Жывучы доўгі час на Палессі, – пісаў ён, – і маючы непасрэдныя зносіны з народам, мне давялося ўнікаць ва ўсе бакі яго жыцця. Такім чынам я рабіў свае назіранні, пры кожным зручным выпадку знаёміўся з рознымі прымхамі, забабонамі, якімі так багатыя жыхары гэтага кутка Беларусі»[21].
Малады настаўнік адчувае патрэбнасць расказаць людзям пра ўбачанае, перажытае. У 1891 г. у «Минских губернских ведомостях» з’яўляецца першая публікацыя А. Сержпутоўскага «Голос из глуши», у якой аўтар знаёміць чытачоў з жыццём сялян вёскі Лучыцы, іх бытам, традыцыямі, заняткамі. Гаворачы аб той шкодзе, якую наносяць здароўю людзей лекары-самавукі, знахары, шаптухі, ён ставіць пытанне аб неабходнасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для вёскі – урачоў, аптэкараў, культасветнікаў, настаўнікаў. За час настаўніцтва на Мазыршчыне А. Сержпутоўскі надрукаваў у гэтай газеце звыш дваццаці артыкулаў.
У 1893 г. Сержпутоўскі пераязджае ў Мінск. Працуе пісарам у Мінскім аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка, а затым у паштова-тэлеграфным ведамстве. Хоць у аўтабіяграфічнай даведцы А. К. Сержпутоўскага не ўказваюцца прычыны, якія прымусілі яго змяніць прафесію настаўніка на службу дробнага чыноўніка, думаецца, што не апошнюю ролю адыграла тут жаданне працягнуць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе і прысвяціць сябе вывучэнню быту, матэрыяльнага і духоўнага жыцця беларускага народа.
У 1896 г. А. К. Сержпутоўскі становіцца жыхаром Санкт-Пецярбурга. Працу на Галоўпаштамце ён паспяхова спалучае з вучобай у археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. У сшытку, дзе ён канспектаваў лекцыі вядомых вучоных, прафесараў Санкт-Пецярбургскага археалагічнага інстытута ў 1903–1904 гг., сустракаюцца запісы, як з дапамогай пластыліну і скульптурнага воску зрабіць злепак, як адрозніць арыгінал карціны ад копіі, адкуль і як адбываецца запазычанне слоў, у прыватнасці тэрмінаў. Як бачым, ужо тады Аляксандр Казіміравіч сур’ёзна рыхтаваўся да вялікай даследчай работы.
Яшчэ да пачатку першай рускай рэвалюцыі ў Сержпутоўскага складаюцца перадавыя грамадска-палітычныя і філасофскія погляды. Гэтаму ў значнай
21
Архіў РЭМ, ф. 2, воп. 2, спр. 289, с. 2.