Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна страница 15
Дабраліся дадому – я перш-наперш да акенца, паглядзець, ці хоць з Сашком усё добра. Бачу, сядзіць на запечку, іграецца. Апусцілася я на прызбу, адчуваю, ня ўстану. Але ж трэба – Антэ ўсярэдзіну завесьці, затапіць, пераапрануцца.
Цягну Антэ, толькі дзьверы прычыніла, а Сашко з радасці да мяне як кінецца:
– Мацінка, мацінка!
Які нячысты дух мяне пад руку вадзіў! Пхнула я яго ад сябе, каб пад нагамі не матаўся, не перашкаджаў бацьку весьці. Ён упаў ды, мусіць, пашкодзіў сабе што. З таго дня ў яго стаў расьці горбік.
…Паслухай, ты можаш завіць мне хустку, во тут яна, пад падушкаю?
Я знайшла лёгкую жоўценькую хусьціну і завіла старую, завязаўшы канцы пад падбародзьдзем. Сьляпая, у павязках на вачах, яна ляжала на сьпіне, выцягнуўшы ўздоўж цела худыя рукі зь вялікімі далонямі.
Увайшла санітарка, пажылая і спакойная, і спыталася ў старой, ці не патрэбная пані вутка.
– Давай!
Трошкі пасьля санітарка прынесла старой вячэру. Старая ела з апэтытам, якога я ад яе не чакала, а кавалак хлеба працягнула санітарцы:
– Рэшту аднясі назад, мо каму не хапіла, дык дасі.
Адразу пасьля вячэры, перахрысціўшыся і памаліўшыся, старая заснула.
Хутка, як заўжды на поўдні, сьцямнела. Я глядзела ў вакно сьвежапралечанымі вачыма. Унізе, пад гарой, блішчэла пад месяцам мора – чорная прорва, поўная рыбаў і пачвар. Блішчэла і гара: шматлікія агеньчыкі ліхтароў і вокан, цуг аўтамабільных фараў на дарозе. «О, Мариана, – круцілася ў галаве. – Сладко спишь ты, Мариана! Мне жаль будить тебя, я стану ждать…»
Шкельцы, шкельцы…
Мая жонка звар’яцела. Гучыць, як назва калодыі, праўда? Але не да сьмеху мне было, калі гэта здарылася.
У адказ на пытаньне доктаркі: «Ну, бачыце, каго нарадзілі, мамаша?» – Яня прамармытала нешта кшталту «шкельцы, шкельцы…», выцягнулася і аціхла.
Прыгаломшаны, я сядзеў у паўцёмным калідоры й марна ўглядаўся ў напаўпразрыстыя дзьверы радзалі, ня ведаючы, радавацца мне ці баяцца, мацаючы ў кішэні скрыначку са смарагдавымі завушніцамі, якія, насуперак звычаю, купіў да родаў, каб падараваць жонцы адразу, як яна падорыць мне сына. І раптам мяне працяў востры страх – я сурочыў.
Неўзабаве выйшла доктарка і выразна, з дакладнымі доктарскімі інтанацыямі, патлумачыла, што роды прайшлі без складанасьцяў, хлопчык нарадзіўся абсалютна здаровы, ягоны стан, як і фізычны стан парадзіхі, у норме. Адно што мая жонка згубіла прытомнасьць і вярнуць яе да змыслаў пакуль не ўдалося. Такое часам здараецца. Хвалявацца ня трэба, жонку перавядуць у пасьляродавую палату, дзе да яе будзе прыстаўлены пост, а я змагу