Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна страница 11
– Асьпідус аўрэльянус, рэкамэндую. Нават не драпежны. Усяедны.
– Але чалавечынай ты яго ня корміш? – спытала я, адшукаўшы голас.
Фабіян задаволена засьмяяўся. Машына сьцішыла хаду і стала.
– Дзяўчынкі налева, хлопчыкі направа. Стаянка сем хвілінаў, – паведаміў кіроўца.
Фабіян пусьціў зьмяюку назад у клетку. Вечарэла. Наперадзе віднеліся дамы нейкага места. Спускаючыся ў кювет, я падумала: яшчэ ня позна ўцячы. Бог зь імі, з гэтымі тысячамі, усё адно я іх, мусіць, больш не пабачу. Корчыкамі, корчыкамі, і да гораду, а адтуль – дадому. Але ж не, не ўцяку. Проста цікава. Што будзе далей, што яшчэ знойдзецца ў заплечніку Фабіяна, адкуль ён ужо дастаў ружу, хлеб і зьмяю?..
У рукзаку знайшлася мапа Масквы, а на ёй – патрэбная нам вуліца. «Эмір-Прэс» месьціўся ў шыкоўным будынку з мармуровай падлогай і фантанам у холе. Ліфт (зь люстрам і пазалотай) падняў нас на сямнаццаты паверх. Вось, праз калідор, засланы дываном, – дзьверы дырэктарскага кабінэту. Не чакаючы ані сэкунды, Фабіян таргануў іх, і мы апынуліся ў прыёмнай.
– У вас прызначаная сустрэча? – сакратарка падняла бровы. – Хто вы?
– Аўтары. Зь Цюменскай вобласці. Хочам прапанаваць рукапіс.
– З рукапісамі – да галоўнага рэдактара.
– Мы ўсё ж хацелі б пагаварыць перш з дырэктарам.
– Пачакайце хвіліну, – дзяўчына зьнікла ў дырэктарскім кабінэце, а праз колькі часу выйшла.
– Праходзьце.
Фабіян прайшоў першым. Спачатку ён дастаў пісталет, пасьля асьпіда, які актыўна выступаў з сольным нумарам. Зьбялелы Іван Іванавіч задраў ўверх ня толькі рукі, але чамусьці й ногі.
– Калі ласка, грошы, якія вы вінныя гэтай даме. Ці мне пакласьці зьмяю вам на калені?
Асьпід пагрозьліва стукнуў хвастом аб бюро і засычэў з асаблівай злосьцю.
Не апускаючы ног, Іван Іванавіч крутануўся да адчыненага сэйфу, выняў стуль пачак грошай і паклаў на стол. Я адлічыла, што трэба, рэшту пакінула. Моцным скотчам прымацавала Івана да крэсла і заляпіла яму рот.
Празь дзесяць хвілінаў мы былі ўжо далёка.
Мяне перапаўняла радасьць. Такое шчасьце, такое поўнае адчуваньне цуду жыцьця бывала са мной толькі ў першыя гадзіны пасьля нараджэння дзяцей. Гучала музыка, шумеў высокі лес, сьпявала душа. Каб не Фабіян, які моцна трымаў мяне за руку, я ляцела б.
Значыцца, ёсьць на сьвеце справядлівасьць! Лёгкасьць, зь якой мы забралі грошы, яскрава сведчыла пра гэта. Я зьзяла.
Фабіяну трэ было адысці, і ён пакінуў мяне, трыюмфатарку, на рагу дзьвюх вуліцаў, наказаўшы стаяць як стаяла і не сыходзіць зь месца. Я і стаяла. Побач працаваў абменьнік. Я дастала гаманец, каб памяняць дзясятку на гасцінцы дзецям. Тут жа справа бліснула лязо, а ў наступны момант я адчула вастрыё пад рабрынай.
– Аддай гаманец, – ціха сказаў адзін