Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Крыві не павідна быць відна (зборнік) - Наталка Бабіна страница 9
Там, на глянцавай старонцы, прыгожая незямной, адсутнай прыгажосцю жанчына хуталася ў доўгую, да кітак, футравую сімфонію. Ані намёку на фальш, аніводнай ноты дысанансу: срабрыста-чорны вадаспад ліецца, пераліваецца ў чорна-срабрысты, лашчыць вока. Мяккі каўнер, шырокае крысо, якое прыгажуня прытрымлівае рукою.
– Зможаце пашыць такое? – пачула я голас маскоўца.
Ах, дык наш шаноўны госьць хоча скарыстацца з таннай беларускай працоўнай сілы? Але колькі ж такая цаца будзе каштаваць у Маскве? Халера яе ведае. Дый не пашыю я такога, заскладана, занадта вытанчана. Дырэктарчына норка была ўся аднолькавая, цёмненькая, а колькі я пакутавала, пакуль дапасоўвала адну да адной… Не, не змагу, вырашыла я, і раптам адчула знаёмы сьверб у кончыках пальцаў. Хвалі цудоўнага аксамітнага футра… Адчуць іх пад рукамі, адчуць, як каштоўныя скуркі ператвараюцца ў неацэнную дасканаласць, даць ім новае жыцьцё, каб прымусіць забыцца пра тое жыцьцё, якое аднялі ў зьвяркоў, каб цяпло новай дасканаласці прымусіла забыцца пра холад асвежаваных тушак…
– Гэта шыншыла. Тут спатрэбяцца вельмі адмысловыя скуркі.
– Я давяраю вам і вашаму густу. Калі мы з вамі будзем супрацоўнічаць, вы атрымаеце заказ «пад ключ» – ад набыцьця скурак да пашыву. Давайце дамовімся так: я аплачваю вашыя выдаткі на матэрыялы і плачу за работу дзвесьце даляраў.
Я пасля доўга ганарылася тым, што сказала ў адказ «ня можа быць нават мовы» і зрабіла спробу выйсці.
– Колькі б вы хацелі? – спытаў ён адразу.
– Дзесяць тысяч.
– Ну, вы ж ведаеце – за такія грошы можна пашыць у Парыжы. Давайце будзем імкнуцца да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. А то вы будзеце мець – пагадзіцеся – вельмі добрую працу, а дзе ж мой інтарэс? Тысяча.
– Дзевяць з паловай.
– Гэта несур’ёзна!
Сур’ёзна аказалася – пяць тысяч. Мы ўдарылі па руках і падпісалі дамову.
Мая няўрымслівая дырэктарка даведалася, што такая работа ў Маскве будзе каштаваць дзесяць-пятнаццаць тысяч, але пагадзілася, што і пяць – больш чым добра. Ого, пяць кавалкаў зялёных! З такімі грашыма мне ня страшная ні зіма, ні выпускны баль у наступным годзе, і нават фары маленькага «Форду» заблішчэлі недзе ў тумане будучыні…
Дырэктарка, сапраўды, пазычыла мне грошы, і я прывезла ад пана Караля з-пад Беластоку купу мяккіх пераліўчатых скурачак. Ацаніць іх і зьняць мерку да мяне прыехала з Масквы мымра, для якой шылася футра. Яна адразу аддала мне тое, што я патраціла ў Польшчы, і я разьлічылася з дырэктаркай.
Шыла я толькі рукамі. Сотні тысяч раўнюткіх шыўкоў, напарстак прырос да сярэдняга пальца… Мымра прыяжджала колькі разоў, цьвіла і пахла з кожным разам усё мацней. У апошні свой візыт яна прынесла мне неабмерную каробку цукерак, сказала, што я цуд,