Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 18
Быць – гэта значыць, адбыцца. Цалкам.
Праз дарогу ад хаты, дзе я нарадзіўся і асталеў, за высокім каменным мурам пачыналіся старыя, зарослыя могілкі. Як толькі мне было дазволена перабягаць праз дарогу, увесь вольны час я бавіў з сябрукамі на могілках. Яны былі для нас дзіцячай пляцоўкай, садком, піянерлагерам, стадыёнам… Там мы гулялі ў хованкі, індзейцаў, футбол, карты… Пазней там сустракаліся і гулялі з дзяўчатамі. На ўжо ледзь прыкметных магільных капцах добра спелі суніцы. Яны былі буйнымі і салодкімі. Больш буйнымі і салодкімі за звычайныя – ці гэта нам толькі здавалася, бо патрэбна была пэўная адвага, каб ласавацца ягадамі з капцоў над дамавінамі, хай сабе і спарахнелымі.
Могілкам было некалькі стагоддзяў, і пад нашымі нагамі спрэс пластаваўся чалавечы прах. Але калі не лічыць рэшткаў збуцвелых каменных крыжоў ды плітаў і рудых ад іржы жалезных агароджаў, запакаваных у густое кустоўе, дык гэтае месца нічым не адрознівалася ад старога парка ці вячыстага леса, паколькі ніхто ўжо не памятаў пра тых – пад дзірваном…
Хто быў, а хто не быў?! Нехта быў – гэта адзінае, што мы ведалі. Бадай нават не Нехта, а ўсяго толькі Нешта… Нешта было тут, адбывалася, і ў гэтым адбыванні нечага неяк прысутнічалі тыя, над сатлелым прахам якіх цяпер раскінулі свае шаты ліпы ды ясені…
Напэўна, мне не трэба было гойсаць па напластаваннях праху, скакаць праз здзірванелыя магільныя капцы, есці з іх сакавітыя суніцы, мілавацца з дзяўчынай на заімшэлых магільных плітах… Напэўна, мне не трэба было перабягаць праз дарогу на могілкі, і тады я разам з іншымі суцяшаў бы сябе, што не знікну дазвання ў невараці, а нейкім чынам перарушу ў наступнае быццё…
Але я залішне доўга бавіўся на старых могілках, каб не помніць, ува што згортваецца жыццё чалавека, чым і дзе яно вершыцца. І таму, калі закарцела спытацца пра самае кранальнае – што ёсць быццё, хто ёсць ты і ці знойдзецца ў цябе нешта, праз што ты апасля не згубішся ў небыцці, я ўжо ведаў пачатак адказу: быццё падобнае да старых могілак за каменным мурам, дзе жывыя мілуюцца на надмагільных плітах, з якіх шурпаты час паздзіраў усе літары… Заставалася апазнаць працяг гэтага ведання. Але чым далей я паглыбляўся ў росшукі, тым болей цяміў, што неўпрыкмет губляю тое, што шукаю. А потым і зусім згубіў. І ў які бок ні аглядаўся, куды ні зазіраў – няма мяне.
Чалавека можна прыдумаць – нельга знайсці. Без ліхтара ці з ліхтаром. Здаецца, гэта адзінае, што я зразумеў, скрэмзаўшы столькі паперы.
Нельга знайсці тое, чаго няма. Марна шукаць я-чалавека ў нейкіх яшчэ значэннях, акрамя тых, што можна «памацаць пальцамі». Я-чалавек знаходзіцца