Кніга пра Нішто (зборнік). Валянцін Акудовіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Акудовіч страница 15
Але ўсё гэта вонкавы бок, так бы мовіць, фармальная падстава рэальнага абнаяўлення будучыні. А карэнная прычына гэтай падзеі ў тым, што на месцы лінейнай прасторы Тэксту паўстала ўжо шматмерная, нелінейная прастора віртуальных дыскурсаў.
Тэкст праз фокус ёсць фіксаваў у прасторы а-рэальнасці адно тое, што было ў рэальнасці, хаця здаралася і спекуляваў на будзе. І гэта натуральна, бо магчымасцяў яго аднамернай прасторы, як і тэхналагічнага начыння, ніяк не хапала, каб «пралічыць» і зафіксаваць усю метаінфарматыку таго, што можа быць, гэта значыць, увесь аб’ём будзе, нават хай сабе лакалізаваны канкрэтным перыядам. (Між іншым, будзе зусім не бязмежнае і ў сваім цэлым, яно таксама мае сваю рамку, як і было.)
А вось бясконца шматмерная віртуальная прастора, прынамсі ў прынцыпе, дазваляе фіксаваць і ўтрымліваць усе верагодна-магчымыя варыянты будучага як на макра-, так і на мікраўзроўні, і пры наяўнасці патрэбы (ды напрацаванай метадалогіі) выбіраць для кожнай канкрэтнай падзеі (я-чалавека таксама) з усяго корпусу нелінейна магчымых будзе лінейна-паслядоўную фактакграфію гэтай падзеі.
Не кажучы пра макрарэчаіснасць, мапы будучыні якой заменяць ужо сёння мала патрэбныя геаграфічныя мапы, але і ўся канкрэтыка быцця будучага зробіцца падлеглай, прынамсі метадалагічна, семантычнай прысутнасці ў цяпер. Цяжка сказаць, ці палічаць тады мэтазгодным рабіць кожнаму асобнаму чалавеку падрабязную «дыяграму» яго ўласнага лёсу (ці нават «дыяграму» альбо нешта накшталт відэафільму пра жыццё наперад), але калі нават з нейкіх меркаванняў гэтым не стануць займацца, дык усё роўна, хай сабе і апасродкавана, будучае я-чалавека заселіць сваёй прысутнасцю ягоную сучаснасць, паколькі ўся прастора бытнавання я-чалавека будзе насычана знакамі будучага не ў меншай меры, чым сёння яна насычана знакамі мінуўшчыны…
Маючы за апірышча папярэдні футуралагічны экскурс, паспрабуем зрабіць наступную выснову. Калі будзе семантычна канкрэтна і непасрэдна аб’явіцца ў змесце ёсць, дык час у звыклым для нас сэнсе сканае.
Падзея часу анталагічна паходзіць з наяўнасці пачатку і канца ўсяго, што адбываецца ў існым (гіпотэза «вечнасці» гэтаму ані не замінае), а рух часу ініцыюецца вымыканнем феноменаў існага з патаемнага ў непатаемнае. На гэтым пераходзе з няма ў ёсць, а пасля з ёсць у было і трымаецца ўся «механіка» часу.
Віртуальным (да іх падобным і яшчэ нам пакуль невядомым) тэхналогіям новай эры наканавана стварыць сітуацыю, калі семантычна ўсё быццё ёсць адразу. Усё мінулае, усё цяперашняе, усё будучае ёсць адразу, у адным часавапрасторавым кантынууме.
Усё ёсць – нічога няма (няма няма). З гэтага атрымліваецца, што часу болей не выпадае кудысьці рухацца, паколькі рух часу абумоўлены пераходам быцця з няма ў ёсць, а тут усё, што можа быць, ужо ёсць, прынамсі ёсць у магчымасці