Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў страница 18
У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх – Віцебск і Усвят – перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праезджых купцоў Полацкія «мужы моцныя» марылі павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.
Узмужнеўшы і ўвабраўшыся ў сілу, князь спраўдзіў надзеі землякоў Як тое адбывалася, апавядаюць летапісы і «Сага пра Эймунда».
Памёр Уладзімір Краснае Сонейка, успыхнулі крывавыя ўсобіцы. Пераможцам з іх выйшаў князь Яраслаў, празваны Мудрым.
Малады полацкі валадар у суседскія звады не ўвязваўся, рыхтаваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара – Брачыслава, што было прызнаннем яго сілы.
Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Пагатоў Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў вымагаючы памежныя з яго ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, уладар, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер – захоча ўрваць яшчэ болей».
Параіўшыся з вечам, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладанне – Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі выраслі перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзялі горад прыступам. Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатым палонам вырушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалода і Рагнеду. Не трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не помсцілі, а імкнуліся далучыць Ноўгарадскую зямлю, каб болып паспяхова змагацца з Кіевам.
На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят – менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.
Старажытнаісландская «Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупроць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў пакуль ваяўнічы палачанін прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрамудры Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі