…І цуды, і страхі (зборнік). Вольга Бабкова
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу …І цуды, і страхі (зборнік) - Вольга Бабкова страница 2
На тле ваенных і грамадска-палітычных падзеяў, што трэслі Княства і Карону (змаганняў, узрушэнняў, вэрхалу), а таксама агня, паморку, градабіцця, няшчасных выпадкаў, убоства і свавольства падданых, судовыя запісы – паверхня, край жыцця, адзін з яго шматлікіх бакоў, у якім галоўныя падзеі падаюцца ўскосна: ці то словам, ці то згадкай, ці то выпадковай датай… Але ж гэтая паверхня была трывалым грунтам, які сведчыў, што жыццё працягваецца нягледзячы ні на што.
Судовыя кнігі даюць рэдкую мажлівасць пачуць неадрэдагаваны запіс жывога аповеду той катэгорыі людзей, якія амаль не пакінулі пасля сябе ніякіх дакументаў. Большасць архіўных матэрыялаў – гэта матэрыялы ў найлепшым выпадку пра іх. У гэтым сэнсе судовыя актавыя кнігі – унікальная крыніца таго, як думалі і гаварылі рэальныя людзі. Праз дыялогі паміж людзьмі, праз іх простую мову праяўляе сябе чалавечая індывідуальнасць. Бо словы скіраваныя непасрэдна да канкрэтнага чалавека і толькі да яго. Не безаблічная маса, але – індывіды. А праз гэтую размову, якую даюць мажлівасць пачуць дакументы, паўстае мажлівасць убачыць і адчуць эмоцыі ды ўяўленні, уласцівыя тагачаснаму чалавеку. Павінна ўзнікнуць – і ўзнікае – гэтак званае “экзістэнцыйнае рэха” паміж часам цяперашнім і часам мінулым. Паміж даследчыкам і гістарычным персанажам. Гэта можа быць размова мужчыны з кабетай, што выпадкова спаткаліся на дарозе, сына з паміраючым бацькам, прамова перад запрошанымі гасцямі абражанай нявесты Зафеі з роду князёў Слуцкіх у дзень вяселля з князем Янушам Радзівілам, якое так і не адбылося.
Тагачасны чалавек выдатна ўсведамляў, што памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б писмом падпирана не была. Таму для прудшое справедливости важныя для жыцця падзеі запісвалі ў кнігі, пераносілі з гроду ў земства дзеля тых, каму аб гэтым належала ведаць, нинешнем и напотом будучого веку людем…. Варта згадаць, што відымусы (копіі) з патрэбных дакументаў у актавых кнігах нашчадкі ці тыя, каму гэта было патрэбна, здымалі ажно да ХІХ стагоддзя. Калі ж патрэба знікала, дакумэнты касавалі, умаралі ды внивеч оборочали. Бо інакш атрымалася б, як у сярэдзіне ХХ стагоддзя са старой кабетай з Рагачоўшчыны, маці васьмёх дзяцей, якая, згадваючы сваё жыццё, казала: “Памятаю, калі ражала, стажкі плылі, але каго ражала, не памятаю…”
Час і прастора – вельмі істотныя параметры чалавечай свядомасці, якія ўплывалі на жыццёвую арыентацыю, на светаўяўленне тагачаснага чалавека. Прастору, у якой ён існаваў, чалавек дзяліў, пазначаў, даваў ёй найменні, тым самым набліжаючы да сваіх памераў, то бок “ачалавечваючы” яе. Укараняўся, урастаў у прастору, маркіруючы яе пад сябе, да сваіх патрэбаў. Такім