Play.by. Адам Глобус
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Play.by - Адам Глобус страница 4
З нажом у руцэ я раблюся іншым чалавекам. Адназначна. Нож не проста дадае мне дадатковую якасць, што зразумела, ён ператварае мяне ў іншую істоту, жорсткую і крыважэрную. Маю галаву наведваюць такія думкі, ад якіх халаднее на сэрцы. Мне хочацца зарэзаць чалавека. Падобнае пачуццё ўзнікае, калі ты стаіш на даху шматпавярховай будыніны, і невядомая сіла цягне цябе скінуцца. Так і тут, вар’яцтва захоплівае розум, і жаданне перарэзаць чалавечае горла робіцца настолькі моцным, што не ведаеш, дзе падзецца. Даводзіцца ва ўяўленні ўсаджваць вострае лязо ва ўласную нагу. Нават уяўны боль вяртае яснасць думак, тады я акуратна хаваю нож у скураныя ножны і прагна п’ю ваду. Раней я спрабаваў сваю празмерную агрэсію заліваць гарэлкаю, толькі ад гарэлкі жаданне забіць чалавека рабілася яшчэ большым, яно рабілася амаль непераадольным. Гэта адна з прычынаў, чаму я кінуў гарэлку, адна з самых важных нагодаў, каб не напівацца. А на цвярозую галаву значна лягчэй утаймоўваць прагу забойства.
Зрэшты, я быў цалкам цвярозы, калі антыквар Шура прапанаваў набыць у яго казацкую шашку. Начорта мне тая шашка? Але ж я ўзяў яе ў правую руку і ўзважыў. І тут са мною пачало адбывацца нешта неверагоднае: я на ўласнай скуры адчуў якасны скачок чалавека вайсковага ад каменнага нажа да казацкай шашкі.
Я ўзняў яе і з усёй моцы секануў паветра. Шашка апісвала дугу, а прад маімі вачыма пралятала ўся гісторыя казацтва з бунтамі, з рэвалюцыямі, са змаганнем за незалежнасць бязмежнага Казакстану пад штандарамі атамана Краснова, які маліўся д’яблу, бо не верыў, што Бог дапаможа яму ў вайне. Шашка праляцела ў якім міліметры ад маёй нагі і спынілася. Як я не адсек сам сабе нагу? Чорт яго ведае. Адно зразумела, што Шура мне больш не прапаноўваў ні шашак, ні шабляў.
Агнястрэльную зброю мне таксама ніхто не прапаноўваў, дый не люблю я яе. Да стрэльбаў, рэвальвераў і пісталетаў з аўтаматамі я раўнадушны цалкам, хіба што балістычная ракета мяне крыху хвалявала. У нашай сям’і быў чалавек – дзядзька Саньдзя, які ўзначальваў ахову такой ракеты. База мясцілася ў Казахстане. І з Казахстана гэтай ракетаю можна было зруйнаваць Пекін альбо Нью-Йорк. Такі маштаб разбурэнняў мяне хваляваў. Але хваляваў ён мяне значна меней, чым вострая дзюбка нажа над уласным кулаком. Калі я бачу свой кулак з заціснутым у ім нажом, у мяне ўсяляецца Нажавік – жорсткі бог спрадвечнай вайны. Мо таму і нельга беларусу прымаць нож у якасці падарунка? Мо таму і трэба плаціць за нож наперад? Я плачу.
І гэтым разам я заплаціў жанчыне, якая вырашыла падарыць мне нож. Я заплаціў, паклаў нож у кішэнь, і мы пайшлі на паўзабаронены мітынг.
6. Мацюк
Ці ёсць у беларускай мове мат? Хіба гэта важна?.. У белмове ёсць мацюк! Дакладна. У нас маецца мацюк, і не адзін мацюк, а безліч моцных мацюкоў, такіх моцных, што яны здатны з жанчыны зрабіць мужчыну. Доказы? Зараз будуць…
Пачну з Масквы – гнязда рускіх шматпавярховых матаў. Запрасілі мяне туды на фестываль сусветных