Play.by. Адам Глобус
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Play.by - Адам Глобус страница 7
З кім-кім, а з чужымі дзецьмі я ніколі не вітаўся. Гуляюць сабе на пляцоўцы і хай гуляюць, нашто ім перашкаджаць. Чужыя дзеці хутка растуць, і пераканаўся я ў гэтым шматкроць у сваім жа двары. Была сярод іх адна дзяўчынка чарнавокая. Дзяўчынка як дзяўчынка, крыху няскладная, а так выглядае на звычайную. Толькі яна не зусім звычайная, бо спачатку яна гуляла ў пясочніцы з раўналеткамі, а потым яны падраслі. Раўналеткі сышлі з пясочніцы, а дзяўчынка засталася. Яна засталася гуляцца сярод меншых за сябе, але і меншыя выраслі, а дзяўчынка зноўку засталася ў пясочніцы. Яна стала падобнай да вялікай вароны сярод вераб’ёў. Яе нязграбнасць і вуглаватасць павялічыліся, нейкая неахайнасць з’явілася ў вопратцы. Скажу шчыра, яе прысутнасць пад высокімі дваровымі таполямі пачала мяне раздражняць. Напэўна, яна раздражняла не толькі мяне, але і бацькоў малых дзяцей, бо апошнім часам дзяўчынка хоць і гуляла ў тых жа пясочніцах, але гуляла адна і з самага краю дзіцячай пляцоўкі.
Калі я заўважыў, што дзецям не дазваляюць сябраваць з дзіўнаватай дзяўчынкаю, мне нават стала яе шкада, бо яшчэ які год-два – і яна пачне гуляць з дваровымі алкаголікамі, пачне пасмоктваць піва і папіваць таннае віно, будзе пакурваць кепскія цыгарэты і сіпатым голасам выпрошваць у мінакоў грошы ці прапаноўваць пад’езны сэкс за капейкі. Такое ў прывакзальных дварах на кожным кроку. «Мужчына, вы так смачна пахнеце, вы такі прыгожы… Можна я зраблю вам мінет за дзесятку… Ну давайце за пяцёрку… Вырадак! Яму шкада цыгарэты для беднай дзяўчыны!!!» Цыгарэты мне не шкада, я проста не люблю п’яных і брудных прастытутак. Не скажу, што вельмі люблю цвярозых і напарфумленых, але смярдзючых і дурных зусім не люблю.
Намаляваўшы такую змрочную карціну пра няскладную і касавокую Дваравічку, я перастаў раздражняцца, а таму і не заўважыў, калі яна прапала. Няма і няма, і Бог з ёю. Дваровае жыццё цякло далей у сваёй шматаблічнай завядзёнцы. П’яніцы п’юць, дзеці смяюцца, галубы разгульваюць па шапаткой апалай лістоце і зусім не баяцца міліцыянтаў, што ўтрох шпацыруюць па перыметры нашага добра праветранага двара.
Двор, як двор, дзень, як дзень. Тут пайшоў снег, узяў і пасыпаўся, такі звычайны і будзённы снег. Двор пасвятлеў і нават узрадаваўся. Не ведаю, як каму, а мне мой двор сказаў, што ён любіць першы снег. Я яму веру. Чаму не верыць? Хто з нас не любіць чысты снег? Я прайшоў праз белы двор і выйшаў у белы горад. Ідучы праз вакзальны натоўп, я раптам убачыў нашую Дваравічку. На ёй была новая шапачка з белым кутасом і новенькі кароткі кажушок ды белыя рукавічкі. Дваравічка пазнала мяне і павіталася. На душы на якое імгненне пасвяжэла. Так, на адно-адзінае імгненне мне стала добра, і я падумаў, што не ўсё так кепска ў нашым двары і на нашым свеце.
Снег сыпаўся і сыпаўся, цяпер ён быў ужо не такі белы