Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 1
Мацвей Роўда адчуваў, што і сам ён высмяг. Усё было жорстка, крохка і хістка ў ім. Пачуццё смагі, лушчыстасці непраходнае. Як той птушцы, як той кнігаўцы, што ўвесь час плача над балотам, кліча дождж, хочацца загаласіць: пі-іць, пі-іць, пі-іць. А ўжо ж можна было і астудзіцца. Хоць на календары яшчэ амаль тыдзень да восені, сонца, заходзячы ў чырвані, вяртаецца на зямлю белым, белымі іскрамі прыпадаюць ужо ў нізінах да траў прымаразкі. Падобна да таго, што само сонца б'ецца спякотнымі промнямі аб скамянелую зямлю, высякае гэтыя іскры, белы, халодны жар. Па-другому ніяк і не растлумачыць таго, што адбываецца: удзень паліць – спасу няма, а ўначы выстуджвае. I месяц над вёскай увесь час у венчыку, у касыначцы – на добрае надвор'е, на спёку і холад. Раней адведзенага ім часу, ці то на бясхлебіцу, ці то прадчуваючы халады, збіраюцца ў цёплыя краіны буслы. Як не сотні збілася іх на сенажаці, каб пагаманіць апошні раз на роднай зямлі. Ні даць ні ўзяць, калгасны сход, гэткае наўгародскае веча, нібыта з вякоў векавечных паўсталі з зямлі дзяды і прадзеды – сівыя, босыя, вусцішныя. Няспешна, спаважна, углядаюцца ў высокае чыстае неба, махаюць яму крыламі: пачакай, маўляў, неба, паспеецца, пакуль што абмяркуем зямное. I гэтае зямное, відаць па ўсім, – важнае, спрэчнае. Вось толькі што птахі гладзілі адзін аднаго крыламі, церліся дзюбамі, нерашуча тупалі на месцы, а цяпер во схапіліся загрудкі, ідуць грудзьмі адзін на другога, як мужыкі княжборскія, як палешукі, што нешта не падзялілі: Роўды, Барздыкі, Махахеі. Недарэмна буслоў на Палессі клічуць антонамі. Мацвей прыглядаецца да птушак, нібыта па самай справе пазнае сярод іх сваіх аднавяскоўцаў. Усе яны, увесь Княжбор тут. Тут і яго Алена, і маці, і бацька, і дзед Дзям'ян, і стары Махахей з Махахеіхай. I рыжы Брытан вунь сярод іх – куды ж яму дзецца ад грамады. Рыжы Брытан – гэта той, з рыжымі падпалінамі на крылах бусел, які першы не вытрываў, пайшоў грудзьмі па чарнявага – бацьку свайго. Л дзед Дзям'ян стаіць збоку, наводшыбе ад усіх: упёрся нагамі ў зямлю і паважна ківае галавой.
Шмат чаго ў палешукоў ад гэтых буслоў, шмат чаго і ў гэтых птахаў у белых світках ад людзей, што жывуць у палескім краі. Аднолькава сціплыя яны і маўклівыя. Калі-нікалі кіпе сярод балот свой голас бусел, выб'е пошчак касцяною сваёй дзюбай, ніколі не закрычыць ён у хоры. Толькі на самоце, калі на душы яго спакойна і ціха, ці ўжо калі гняце гэтую душу так, хоць на сцяну лезь, калі, распластаўшы ружовыя на сонцы крылы, выбліскваючы кожным пяром, падрульвае ён задубелымі доўгімі нагамі да сваёй буслянкі, вітальнай песняй азначае сваё вяртанне з далёкіх краін, ці калі па дасвецці выйдзе ён на родныя гоні – палі, дубровы, сенажаці – і кіне яго ў жар і холад ад няўпыннасці і бясконцасці жыцця і зямлі, і тады, не намятаючы сябе, адкінуўшы сціпласць і сарамяжлівасць, безгалосы, зацягне ён сваю, хоць і не зусім удалую, але радасную, шчырую песню, песню нараджэння новага дня. А дзень яго, як і сялянскі,– спрэс у працы, нібыта каморнік, мерае і мерае ён балоты, падоўгу ўглядаецца сумным вокам у нікуды ці то імкнецца зазірнуць, што там, за даляглядам, ці то засяродзіў свой позірк у сабе, слухае сам сябе, слухае шапаценне мяцёлчатых і вастралістых траў, як здатны слухаць гэтыя травы касец, белы, сівы дзед-паляшук, які махаў-махаў касой і раптам замёр, ап’янеў ад раскошы мурожнага лугу: жыццё квяцістае і стракатае, як гэты луг, але ж і кароткае – недзе па гэтым мурагу ўжо нячутна крадзецца і вечнасць – другая касарка і хтосьці цяпер падае пад узмахам яе нябачнай касы, як падаюць травы.
Маўкліва і засяроджана будуе антон сваю хату. Як пад сілу, носіць ён у дзюбе голле, маўкліва сунецца пасля навальніцы ў высокае жыта збіраць там жаб, што вылезлі на вольную зямлю… Вераць свайму суседу-буслу, прыглядаюцца да яго жыцця, прадугадліва будуюць сваё жыццё і палешукі. Недарэмна мае бусел-Антон і яшчэ адно імя – Лелька – бог кахання і жыцця. Збудаваў ён на сядзібе палешука сабе буслянку – неўзабаве загукаюць і ў хаце палешука Лелькі. А пакінуў антон сваю буслянку – пара ў далёкую апошнюю дарогу збірацца і гаспадару хаты – прыспеў яму час рыхтаваць сабе белую сарочку…
Вось людзі гавораць, што вясну да пас прыносяць ластаўкі. Пэўна, так яно і ёсць у мясцінах, дзе не ведаюць антонаў. Па Палессе ж, у палескую вёску, нясе вясну па сваіх магутных крылах бусел. Прыляцеў ён у родную вёску ды сеў адразу ў буслянку па высачэзнай вясковай грушы, што расце за гумном, – гэта яшчэ не вясна. Марна чакаць пакуль цяпла і сонца – яшчэ і мяцеліца завіхурыцца, і марозік прыцісне – будзе окіць на бусліка, як гавораць на Палессі: антон лепш за чалавека ведае пра надвор'е.
Была