Неруш. Віктар Казько

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 5

Неруш - Віктар Казько

Скачать книгу

ад таго, як з-пад яго сякеры ляцелі белыя трэскі, як падавалася хата сякеры. Мо з гэтай пагоды Ненене зноўку паставіла Мілку на зіму ў хату, мо таму нядобрыя языкі і пусцілі па сяле плётку: манашка.

      А якая яна, даруй божа, манашка, ну, быў час, зазірнула яна разы два ў малельны дом, што ў суседняй вёсцы. Залучылі яе туды, гора дарогу паказала.

      Спуджана замычэла, засапла і ўстала на ногі карова. З дня на дзень яна павінна была ацяліцца, і Ненене спачатку таксама падхапілася на ложку, але потым прыгадала, што перад тым, як легчы, яна глядзела на сваю Мілку і сёння за яе, здаецца, яшчэ не варта хвалявацца.

      – Ляжы, ляжы, Рабая, – падала яна голас карове, прыкідваючы, ці не той ужо гэта, не яго час. I не памылілася: той ужо быў час, паўночны. З грукатам адчыніліся дзверы. Прыйшоў ён. Прыйшоў у свой час. I ні ценю ад яго, ні цёплага духу. Толькі крокі, крокі. Спачатку па зямлі, гэта там, дзе месца карове, потым па падлозе, па маснічынах, цяжкія, гаспадарскія. I нехлямяжы яе мужычок, а ўсё ж крочыць па-мужчынску. Дзынкнула, засіпела вядро, зазванілі шыбы ў вокнах, нібыта хто друкам прайшоўся па рамах.

      – Ой, баюся я цябе, разваяваўся, – сказала Ненене.

      Ён моўчкі сеў на табурэт, усё такі ж нябачны, халодны. Толькі парыпванне табурэта і выказвала яго прысутнасць. А мо ёй мроілася гэтае парыпванне. Мо яна ўжо даўно звар'яцела, узяла ў галаву, што ён ходзіць да яе, а на самай справе нікога няма: яна, ды карова, ды мышы за сцяной у дупле дуба. Як гэта можа быць такое: дачка памерла вось ужо дзесяць гадоў і ні разу не прыйшла праведаць маці, а ён кожную божую ночку.

      I толькі яна паспела падумаць так, як у хаце стала ціха, карова і тая перастала сапці, жаваць жвачку.

      – Не-не-не, – яна спалохалася. – Я ведаю, ты тут, пабудзь са мною.

      Ненене пажадала і пачула зноў, як рыпіць табурэт, дзынкае вядро і пазвоньвае шкло ў акне, нібыта хтосьці шыбануў пяском у акно. Яе Іван заўсёды быў паслухмяным. Праз гэтую сваю паслухмянасць і памёр. А мо й не памёр, мо яго ў яе ніколі не было. Час ідзе, і цяжка меркаваць ужо, што было, а чаго не было, аб чым толькі марылася, пра што толькі снілася. Не, гэта яна ўжо дарэмна. Іван быў у яе, быў мужык у яе, вось толькі што здарылася з ім, не памятае ўжо. Памятае, як ён прыйшоў з вайны, яна толькі вокам на яго – і адразу ж зразумела: не да яе, а да зямлі ён прыйшоў, не жыць, а паміраць. I ён адыходзіў, адчужаўся ад яе на вачах, нібыта раставаў, чарнеў, як снег напрадвесні. I непрыкметна растаў, знік, згінуў паміж зімой і летам, жнівом і касавіцай.

      – Ох, Іване, да ты ж ніводнага дзянёчка не паляжаў, ніводнага дзянёчка не пахварэў, не адпачыў.– Карова, аднарогая Мілка, уздыхнула разам з ёй.

      Адна, усё жыццё адна. Таму і трымае карову ў хаце, цярпліва зносіць кпіны. Хаця адразу пасля вайны нікому не здавалася недарэчным заводзіць карову ў хату. Адны ставілі яе туды, таму што не было гаспадара будаваць хлеў, другія – каб не ўкралі. Пасля той вайны ў іх вёсцы часта такое здаралася зводзілі карову з хлева. Прыходзілі сярод ночы, адмыкалі хлеў

Скачать книгу