Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 9
I стаяла яна перад могілкамі на вачах жывых і мёртвых са сваёй каровай Мілкай, чортавай Рабой, усёю жаночай сваёй істотай адчувала, што ўжо час, падпірае ўжо Мілцы, і не ведала, куды кінуцца з гэтай сваёй бядой, як схаваць яе. I ў тую толькі хвіліну яна нарэшце зразумела сваю дачку – і даравала ёй, даравала нават тое, што яна сама загубіла сябе. Вось так яна бедавала і яна, адна як вока ў вялікім і чужым горадзе, і не наважылася нікому даверыцца, нікому, акрамя маці, гора не нарабіла.
– Жывёле страха трэба… – Ненене і не прыкмеціла, як падышоў Махахей. – Далікатная яна ў цябе, да цяпла, да печы прывыкла.
– Не-не-не, яна трывушчая, – Ненене спалохалася, што Махахей здагадаецца аб усім. I прагоніць яе разам з Мілкай з могілак. I, нібы спрабуючы ўтаіць, прыкрыць гэты міжвольны грэх сваёй Мілкі, стала каля распёртага бока каровы, крыжам раскінула рукі.
– Што хаваеш? – усміхнуўся Махахей. – Жыццё. Не ў прыполе яе прынесла. – Сказаў гэта і, нібыта згадаўшы штосьці, збянтэжыўся, загаварыў груба: – Жывёла ўсё вытрывае, ды нечага ей глядзець, як людзі на могілках перабіваюцца. Нечага і ім, – паказаў на крыжы, – як жывое на свет з'яўляецца, бянтэжыць іх.
Ненене яшчэ нічога не цяміла, а Махахей, добрая душа, некуды знік і тут жа з'явіўся зноў з коллем над пахай і рулонам рубсройду па плячы. Пачаў забіваць колле ў зямлю, выгароджваць каля могілак месца жывёле. Ненене даверылася Махахею, даручыла яму сваю Мілку і пачала азірацца, каму б гэта дапамагчы і ёй. Старая Махахеіха ўскараскалася на табурэт і з вышываным ручніком у руках цягнулася да крыжа, што быў на ўваходзе па могілкі.