Неруш. Віктар Казько
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Неруш - Віктар Казько страница 12
Але гады, што яны не бачыліся, і высокая пасада ніяк не адбіліся на былым начальніку Роўды, ён здолеў захаваць сябе і тут, у Мінску, амаль што без змен, застацца такім, якім быў і на Палессі. Толькі калі ўжо Шахрай абняў Мацвея і Мацвей даверыўся гэтым абдымкам, сам прыпаў да яго, адчуў: не, не той ужо Алег Віктаравіч. Не той, хаця і не існавала ніякага кола, стала менш і маршчынак на яго твары, і менш ён горбіўся, але здаецца, і касцей не было ў яго ўжо зусім. Іх і раней, калі памятаецца Мацвею, было няшмат, але ж яны адчуваліся. I не толькі адчуваліся, часам Шахрай здаваўся Мацвею нават маслакавата-грувасткім, ён запаўняў усё вакол сябе гэтай сваёй грувасткасцю, непадступнасцю, з такім Шахраем на шырокай дарозе не надта проста было размінуцца. I Мацвей, калі купаўся з ім у рэчцы ці ў лазні, толькі здзіўляўся: адкуль што бярэцца ў Шахраю, такім розным быў ён нават перад тымі, хто добра яго ведаў, адкуль толькі бярэцца самавітасць, калі сам ён – як кнот, варта на яго дзьмухнуць – ён і пераломіцца. I твар яго падманліва малады і гладкі, на самай справе ён ацёчны, ацёчнасць расправіла маршчыны, загладзіла іх, нібы прысыпала попелам, закрыла плеўкай.
I Мацвей адначасова быў рады і шкадаваў, што наскочыў да Шахрая, і не на працу да яго наскочыў, дзе нават сцены, падлога вымушалі б яго гаварыць коратка і толькі аб тым, што датычыцца справы, а сунуўся ў кватэру, дзе можна гаварыць, не зашпільваючыся, нібыта такія ўжо ў іх адносіны. I сам сябе няёмка адчувае, і Шахраю будзе мулка, будзе вымушаць Шахрая вымаўляць нейкія пустыя і непатрэбныя зараз словы. А што Шахраю нейкі там старшыня калгаса, хаця ён і хадзіў з тым старшынёю ў адным хамуце, цягнуў адзін воз. Толькі калі тое было. Цяпер жа хамут у яго другі і карэннікі другія, а такіх, як Мацвей, сотні.
Мацвей свядома прыніжаў сябе. За вольнасцю і нейкай нават нахабнасцю ў думках былі і збянтэжанасць, і разгубленасць, і горыч. Ён ведаў, чаго варты сам, ведаў сваю сілу і віну, ведаў, чаго варты і Шахрай, магчымасці яго і межы гэтых магчымасцей: як бы высока ні занесла таго, проста так ён бы не адмахнуўся ад яго, ад Мацвея. Калі б на тое пайшло, Мацвей не пасаромеўся б грымнуць і кулаком па стале, прыперці Шахрая і сказаць яму: што, запамятаў, як і над табой былі Шахраі. Але ён прыйшоў да Шахрая дамоў і пазбавіўся менавіта гэтай зброі, пазбавіўся свядома. За плячыма яго самазнішчэння стаяў ганарлівец – апошні абаронца жабрака, які працягвае руку па кусок хлеба з паставай дабрадзея. I Мацвей з'явіўся да Шахрая як пераможца. Жабрак-пераможца, які праг убачыць, ці дрыжэцьме рука таго, хто дасць яму хлеб. Яму патрэбен быў зараз другі чалавек, чалавек, аднолькава павінны ў тым, што здарылася ў Княжборы, але воляй лёсу вызвалены ад пакарання. Яму карцела даведацца, што крыецца за гэтым лёсам: проста – спрытнасць рук і ніякага махлярства ці нешта больш значнае, недасягальнае разуменню старшыні калгаса. Ён праг верыць у гэтае недасягальнае, што хоць нейкім чынам ды ўсё ж апраўдвала яго, на самай жа справе, што ён, Мацвей, зрабіў