Шалом. Артур Клінаў

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Шалом - Артур Клінаў страница 12

Шалом - Артур Клінаў

Скачать книгу

Іван здаваўся Андрэ калі ня богам, то дакладна сьвятаром, жрацом нейкай боскай сілы. Сам ягоны вобраз быў падобны да Творцы з царкоўных іконаў. Даўгія валасы, сівая барада і, канечне, німб. Німб, праўда, быў крыху пацяганы, зроблены зь мяккага вэлюру, месцамі запэцканы фарбай, а можа, віном, але ён ганарліва ўзносіўся над галавой Івана Панцялеевіча высакародным чорным бэрэтам.

      Вырашыўшы, што таксама будзе авангардыстам і прысьвеціць жыцьцё здабываньню шэрага колеру з стракатай разнастайнасьці сьвету, Андрэ пачаў старанна наведваць заняткі дзядзькі Івана ў студыі мясцовага шпалаўкладачнага камбінату. Магчыма, яму наканавана было стаць песьняром магілёўскіх туманаў, але раптам, калі ён крыху пасталеў, зьніадкуль паўстаў Зільдэрман. Ён вызначыў экспэрымэнт Івана Панцялеевіча як шэрую плесьню, балотны імпрэсіянізм, сказаў, што няма ў горадзе іншага авангардыста, апроч Яго, і ўзяўся знаёміць Андрэ з маніфэстамі супрэматыстаў, нумізматакубістаў, сынхараэлістаў, гіпэр-традыцыяналістаў, сукаперасоўных мануалістаў, пасьля чаго павёз у Пецярбург.

      Пацягаўшы хулямата-хілярэта-нэафіта па піцерскіх майстэрнях, пагойсаўшы зь ім па «сайгонах», ліцейных і розных праграмных флэтах, Зільдэрман навучыў яго піць віно, прыгожа сплёўваючы, круціць «Беламор» і з асаблівым шыкам павязваць даўгі шалік. Вярнуўся Андрэ ў Магілёў ужо скончаным авангардыстам. Шляхі да адступленьня былі адрэзаныя. Заставалася адно – пачынаць свой пошук у мастацтве. Ён разьвітаўся з балотным імпрэсіянізмам і прыдумаў назву для ўласнага стылю – нэкрарамантычны турбаабстракцыянізм.

      Андрэ ўзяўся экспэрымэнтаваць з матэрыяламі, паспрабаваў сябе ў скульптуры, стварыў першую ў Магілёве інсталяцыю з пустых віна-гарэлачных скрыняў, сьцягнутых уначы ад бліжэйшага гастраному. Потым была мастацкая вучэльня ў Менску, няўдалая спроба паступіць у інстытут, тужлівыя пошукі сябе, запоі, белы білет, налёты на Піцер, разрыў зь Зільдэрманам і, нарэшце, першыя выставы сапраўдных авангардыстаў.

      У тыя часы Андрэ вельмі шкадаваў, што нарадзіўся ў Магілёве, а ня ў Віцебску, які знаходзіўся ўсяго кілямэтраў за дзьвесьце ад яго. Гэты горад лічыўся сапраўднай сталіцай рэвалюцыйнага мастацтва. Там працаваў гуру кожнага праўдзівага авангардыста – Казімір Малевіч, там зьявіўся на сьвет УНОВИС, у Віцебску жыў Марк Шагал. Магілёў жа здаваўся Андрэ правінцыйнай дзіркай, што не дала сусьвету ніводнага вялікага рэвалюцыянэра ў мастацтве.

      Нават Менску пашанцавала болей: непадалёк нарадзіўся Хаім Суцін. На Берасьцейшчыне месьцілася радавое гняздо Хведара Міхайлавіча – найвялікшага для Андрэ аўтарытэта ў літаратуры ўсіх часоў і народаў. З Магілёўшчыны, калі хто й паходзіў з сапраўдных авангардыстаў, то толькі самазванец Ілжэдзьмітры Другі. Дый той, у адрозьненьне ад Ілжэдзьмітрыя Першага, аказаўся грэбаным лузэрам, бо яго намер захапіць Маскву абярнуўся няўдачай.

      Некалькі разоў Андрэ рабіў спробы перабрацца ў Пецярбург. Сваім турбаабстрактным нэкрарамантызмам ён быў у Магілёве мала каму

Скачать книгу