Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч страница 3

Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч

Скачать книгу

выпадак у мяне ёсць два-тры месяцы, іх трэба скарыстаць…

      2

      (26 кастрычніка 1994 года)

      І я засеў за працу. Час прыспешваў. Адзінае, на што мог спадзявацца пры разводзе, – інтэрнат: шум, бязладдзе, непрасыпныя п’янкі і вечны прахадны двор, калі заставацца сам-насам змагу толькі глыбокай ноччу.

      Спачатку разбіраў свае паперы, корпаўся ў старых рукапісах, адбіраў найбольш важныя і расфасоўваў іх у папкі. Потым тры ночы запар упісваўся ў навелу, высільваўся, каб нарэшце зладзіць з галоўным героем. Нічога не атрымлівалася. Герою навелы раптам адкрылася будучыня, ён становіцца прарокам і ў той жа час забывае сваё мінулае. Матэрыял распаўзаўся і распухаў, і я ніяк не мог давесці яго да ладу, разабрацца з героем было цяжка: уявіце сабе чалавека, які помніць толькі будучыню? З гора і злосці на сябе вырашыў напіцца. Пасля работы пайшоў у Дом літаратара… Шукаў Сыса, які заўсёды там ашываўся. Як цудоўна было раней, калі працаваў бар, яго заўсёды можна было там знайсці вечарам за столікам. Вакол Сыса заўжды кучкаваліся свае хлопцы. Шмат змянілася апошнім часам, але нехта казаў, нібыта працуе кафэ?

      …А першы раз я ўбачыў Сыса ў 1989 годзе на свяце маладой літаратуры ў Іслачы. Фестываль працягваўся дні чатыры. Ён прыехаў, здаецца, на другі дзень. Яшчэ да прыезду толькі і гаворкі было, што пра яго: «Сыс зрабіў… Сыс сказаў… Сыс пасварыўся… пахваліў, пакрыўдзіся, раззлаваўся…». Вядома, я заінтрыгаваўся: што за фрукт такі гэты Сыс? І вось яго нарэшце прывезлі на чорнай «Волзе». Увесь натоўп маладых літаратараў рваўся на вуліцу сустракаць свайго куміра. Нехта схахміў і кінуўся па-лакейску адчыняць дзверцы, сагнуўшыся да зямлі ў паклоне. Усе мы любім пажартаваць, асабліва ў маладосці. Вечарам зладзілі «капуснік». І тут я ўбачыў нешта, што ніяк не ўкладвалася ў маё ўяўленне пра нармальныя чалавечыя паводзіны. Уразіла не тое, што Сыс, вычвараючыся, выкінуў зусім непрыстойны жарт, а здзівіла, што ўсе гэта прынялі як належнае: глядзелі яму ў вочы і люба ўсміхаліся. Не знайшлося чалавека, які б запярэчыў. Я настолькі быў шакіраваны нечаканасцю, што таксама прамаўчаў. Але пасля бяссоннай ночы раніцай на ганку выказаў яму наступнае:

      – Як ты думаеш, мог бы той чалавек, што забіваў цвікі ў рукі Хрыста, напісаць верш, каб расчуліць іншага?

      – Не ведаю… – сказаў ён праз паўзу. Ён прагаворваў словы, быццам абсмоктваючы іх у роце, нібы ўзважваў кожнае на языку. – А хто забіваў цвікі?

      І тут мяне ўзарвала. «Я не ведаю, што ты там за паэт такі, – закрычаў я, – тут усе гавораць: геній, геній… Я не ведаю, я цябе не чытаў! Я не чытаў ЦЯБЕ – у цябе не можа быць вершаў!»

      – Дарма, – абарваў ён.

      – Чаму дарма? Я што – дурны? Я бачыў, які ты чалавек, і з мяне досыць! Ты маёй душы нічога не зможаш даць. Я не чытаў і ніколі не буду чытаць тваіх вершаў! Запомні гэта! – здаецца, я крычаў тады і гаварыў апантана.

      Жахаюся сябе ў такія моманты, нейкі чорны дух апаноўвае мяне,

Скачать книгу