Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч страница 7
– Як гэта?… Я думаў, хоць ты разумееш…
– О-о! – запляскаў у ладкі Худзенькі, – усё-такі пакрыўдзіўся! Малайчына! Гэта ж трэба, Сыса прабраў… А што, на самай справе, напішы. Надрукуюць… Калі дзеля рэкламы… во, тады яны пакруцяцца..
У той вечар мы напіліся. І гэта было апошняя ноч, у якую я спаў спакойна.
6
(Вечар 4-га лістапада 1994 года – праваслаўныя Дзяды, і ноч з 4-га на 5-е)
А яшчэ праз дзень, вечарам жонка сказала, што ў нас чатырохгадовы юбілей: «Адсвяткуем апошні раз…» Паклікалі суседзяў. Пасядзелі. Выпілі. Пагаманілі. І калі яны разышліся, я засеў за працу. Вырашыў: напішу артыкул, выкажу свае думкі наконт прызначэння літаратуры і паспрабую растлумачыць, паказаць гэта на прыкладзе верша, ахвяраванага Сысу, які не так зразумелі. Здаецца, я намацаў некалькі базісных ісцін. Яны простыя.
«Што ёсць ісціна?» – напісаў я і задумаўся. Не, я пастаўлю словы Пілата ў загаловак. Гэта будзе канцэпцыя: я не бачу на гэтым чалавеку віны, я ўмываю рукі – гэта вы хочаце яго распнуць, і яго кроў будзе на вашым сумленні. Ад загалоўка будзе прасочвацца ўвесь падтэкст. Напісаў я так: «Не аднойчы пераконваўся, што лепш за ўсё мне працуецца на ўзводзе, калі палец увесь час на спускавым курку, націснеш – і стрэліць! Ты нават не ведаеш, куды: у сябе самога, у сябра ці ворага… Творца, як граната, з якое вырвалі чаку: адзін, два, тры… дзесяць секунд – выбух! І вось гэтыя дзесяць секунд да выбуху і ёсць сапраўдны момант творчасці».
Хачу звязаць думкі словамі, асэнсаваць тое, што адчувае душа, – а слоў няма. Ісціна выслізгвае, як рыбіна з невада. Каб апісаць праўду сэрца, мала адных слоў, думаў я, ёсць звычайныя простыя словы, але не заўсёды прачытваецца сэнс, азначаны імі, іншы раз ён не ўгадваецца. Калі я пачну перачытваць гэтыя ж словы ў другім душэўным стане, можа так здарыцца, што яны змярцвеюць, пададуцца пудзіламі ісціны – грубыя каркасы, прадзьмутыя скразнякамі бессэнсоўя. Чаму так? Тыя ж самыя словы, а робяцца пустапарожнімі?! Ім не даеш веры, чагосьці бракуе. Не хапае галоўнага: душэўнай інтанацыі, гарэння. Схапіць ісціну словамі – тое ж самае, што злавіць камара ў сілок для птушак або прывязаць за нітачку сонца: гэта немагчыма. Ці не з гэтай прычыны сам Хрыстос не запісаў ні слова? Чаму так? Мы словамі ўсё ж такі здольны даносіць нейкі сэнс. А чаму не заўсёды бачым прыгажосць вакол сябе, а толькі калі-нікалі заўважаем яе? Чаму трэба пражыць трыццаць вёснаў, каб толькі аднойчы ўбачыць і сказаць, што прыйшла ВЯСНА? Хто яго ведае. Напэўна яшчэ і таму, думаў я, што словы як разменная манета ў зносінах паміж людзьмі: ад частага ўжывання трацяць сваю вагу, сціраюцца і абясцэньваюцца. Золатам сэнсу, што закладзена ў Слова Усявышнім, аплачваюць брыдоту і гніль матэрыяльнага існавання, ужываючы словы дзе трэба і не трэба, да месца і наўздагад, без меры і ўсякай патрэбы… Вось чаму маўчанне – золата.
«Адна з мэт паэзіі, – запісаў я, – вяртаць словам страчаны сэнс, напаўняць іх згубленай вартасцю.