Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская страница 6
На шчасце, Пранціш змог устрымацца ад ганебных для шляхціца праяваў свайго спалоху, таму што калі Лёднік цалкам зняў покрыва, і вачам адкрылася прыгожая паненка ў прыдворным строі, толькі зусім неадукаваны чалавек мог працягваць трызненні наконт забальзамаваных трупаў… Паненка была васковая. Вырвічу, аднак, давялося пераадольваць пэўную жудасць, каб дакрануцца да нарумяненай шчакі падаруначка ад гетмана: воск, вядома… Белы воск. Але шэрыя шкляныя вочы нібыта незадаволена бліснулі.
Вырвіч абыйшоў вакол лялькі. Яна сядзела за маленечкім столікам з чырвонага дрэва, у тонкіх васковых пальчыках заціснуты аловак, якім паненка, здаецца, збіралася нешта пісаць на трохі пажаўцелым аркушы паперы. З-пад вадаспаду найтонкіх – як павуцінкі і сняжынкі – карункаў ніжняй спадніцы паказвалася дзюбка зялёнага чаравічка, расшытага каменьчыкамі. За гарсетам чырванела шаўковая ружа. Неверагодна тонкі стан быў зацягнуты ў блакітную парчу ў ружовыя кветачкі. Студыёзус асцярожна ўзяў руку лялькі, што ляжала на стале: тая не паддалася бязвольна, яе можна было толькі трошкі прыўзняць, і была яна цяжкая – падобна, унутры жалезныя косткі. Вырвіч нахіліўся ніжэй: пальчыкі складзеныя з асобных дэталек, у шчылінах пабліскваў метал, але на суглобах нават зморшчынкі пазначаныя – ясна, што мадэллю для адліўкі з воску паслужыла рука жывой кабеты. Пранцысю на імгненне падалося, што пазногцікі, нафарбаваныя ружовым лакам, зараз шкрабануць па ягонай скуры, загоняцца ў цела да крыві… Ён акуратна паклаў руку лялькі назад на стол, з пачуццём, быццам толькі што патрымаў сонную гадзюку.
Вырвіч разумеў не больш, чым трактат сэра Ньютана пра дынаміку нябёсных целаў, навошта вялікі гетман замаўляў немаведама дзе, і, відаць, не за малыя грошы, гэтую злавесна-гожую ляльку, і з якой радасці завяшчаў яе доктару Баўтрамею Лёдніку? А Лёднік між тым, закусіўшы губу, як дзіцёнак, які рыхтуецца схапіць асабліва прыгожага матыля, хадзіў вакол сваёй спадчыны, абмацваў яе, што выглядала нават трохі фрывольна, і цёмныя ягоныя вочы на худым твары ажно гарэлі, а нос нагадваў дзюбу драпежнай і дужа галоднай