Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 4
Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну «макулатуру» кудысь у кут, як смецце. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем гадоў таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзейшы за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым «шарачковым». Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…
Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.
Ася проста не разумела, як магла ейная прыгажуня-сястра купіцца на такога Гошу… Ася ж расла ва ўсведамленні, што яна – пачварына ля прынцэсы, няўклюдны цень ружовашчокай, яснавокай Марго. Гэта было недасяжнае жыццё: бясконцае тэлефанаванне закаханых хлопчыкаў, гітарныя спевы ў дваровай альтанцы, бойкі-двубоі з няўмелым закосам пад моднае каратэ з-за аднаго Маргарыцінага пагляду… Ася, у падлеткавым узросце няўклюдная, худзюшчая «батанка», з доўгімі нагамі-запалкамі і няроўнымі зубамі з ганебнымі металёвымі скобкамі на іх, ніколі гэтага не мела, звыкла прабягаць праз двор, угнуўшы гававу з неахайнымі шэрымі хвосцікамі, і ўнікала школьных дыскатэкаў, як візіта да зубнога ўрача. Нічога, акрамя прыніжэнняў… І шчыра ўразілася, калі на сустрэчы выпускнікоў (пяць гадоў пасля апошняга школьнага званка!) ажно тры хлопцы прызналіся з затоенай крыўдай, што былі ў яе шчыра закаханыя, а яна, такая ганарлівая прыгажуня, іх адшыла… А яна тады думала, гэта асабліва тонкія здзекі…
Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і «спажывае» мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошавы ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абое ў тэхнікуме выкладаюць.
І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны