Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 8
Не. Палохацца не варта. Што тут асаблівага? Чалавечы мозг так зладжаны, што ва ўсім шукае падабенства. У тосце з сырам бачаць партрэт Багародзіцы, і прадаюць яго на аўкцыёне за шалёныя грошы… У воблаку ўгадваюць абрысы самога д’ябла, і ў паніцы рыхтуюцца да канца свету. А Уладзімір Караткевіч, між іншым, пазнаваў сваё аблічча ў партрэце хлопчыка работы італьянскага мастака эпохі Адраджэння Пінтурык’ё. І праўда, падабенства незвычайнае. А тут… нічога звышнатуральнага. У дзяўчыны на партрэце і вусны меншыя, чым у Асі. І вочы больш цёмныя, і нос… вось тут, пасярэдзіне, трошкі танейшы… І прыгожая, не тое, што Арсенія. І… урэшце, гэта сапраўды мог намаляваць колішні знаёмец – упадалі за Марго студэнты з Акадэміі мастацтваў, адзін дамоў да іх хадзіў, здаецца, яго звалі Андрусь Камароўскі. І ўсё спрабаваў з малодшай сястрой сваёй дамы загаворваць, некуды запрашаць, толькі Ася, вядома, палохалася і бянтэжылася, што абражае мастакоўскае вока сваім страхавітым абліччам (прынамсі, на гэта намякала Марго). Але, можа, хто з гэтых мастакоў мімаволі і выкарыстаў Асін вобраз, калі ўяўляў старасвецкую паненку?
Рэдактарка з палёгкай уздыхнула. Ніякай таямніцы. І перавяла вочы на шыльдачку ля багетнай рамы: «Партрэт графіні Марыі Корб-Варановіч. Невядомы мастак, пач. XІX ст.».
Усё, цяпер ніякага ратунку ад містычнага жаху… Адкуль ён толькі ўзяўся? У прынцыпе, нічога ж страшнага не адбылося – падумаеш, убачыла намаляваную падобную да сябе дзяўчыну… Гэта ж забаўна… А за сэрца нібыта нехта халоднай рукой крануў. І сціснуў… Так.
Бо Арсенія шалёна ненавідзела гэтую намаляваную дзяўчыну, такую чыстую, датклівую, рахманую…
Выплеск нейкай інстынктыўнай, незразумелай да містыкі нянавісці…
– Гэта ваша сваячка, напэўна?
Зацікаўлены голас бабулькі-наглядчыцы ледзь не змусіў Асю падскочыць.
– Вы не з Корб-Варановічаў выпадкам?
– Не… нічога я пра гэтых… Корб-Варановічаў… не ведаю! – знервавана прамовіла Арсенія і памкнулася прэч, пакуль яшчэ хто не заблукаў на нешчаслівы паверх. Прэч, далей ад ненавіснага аблічча.
– А як падобныя! – крычала ўслед бабулька, але Ася ўжо рванула на сябе дзверы галерэі.
Міргатлівыя лямпачкі над ліфтамі сведчылі, што кабіны паволі кіруюцца на першы паверх, а чакаць хацелася не больш, чымся драпаць пазногцямі бетонную сцяну. Ася, прытрымліваючы рукой доўгую спадніцу, імкліва пабегла ўніз па «чорнай» лесвіцы, вечна пракуранай настолькі, што варта было спусціцца на суседні паверх, і валасы двое сутак патыхалі табакай. Хаця Ася пару разоў сфоткала паветра, абазначанае цыгарэтным дымам, але гэта было паветра не для яе дыхання.
На кожнай лесвічнай пляцоўцы блішчэлі мадэрновыя попельніцы на высокіх жалезных ножках, падобныя