Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 11
– Выходзіць, вы пісалі пра мяне? – прагаварыла Ася. Вячка раздражнёна ссунуў бровы, як настаўнік над вучнем, што ніяк не можа скласці два і два.
– Я пісаў раман. Я ўсё гэта ўявіў – на архіўных матэрыялах пра род Корб-Варановічаў. Напачатку дзеянне адбывалася толькі ў першай палове дваццатага стагоддзя. А тады я зразумеў, што яно павінна працягнуцца ў сучаснасць. І ў рэальнасць… Мусіць жа быць кропка сыходу, з якой усё пачнецца? І вось учора ўвечары мастак Андрусь Камароўскі, сябра мой, распавёў, што на прэзентацыі бачыў партрэт, страшэнна падобны да адной дзяўчыны, да якой калісьці… прабач, ён назваў гэта «клеіўся». І дзяўчына, трэба ж, робіць у будынку, дзе і галерэя. Шкада, не прыйшла. Цікава было б пабачыць яе каля партрэта. Бо на прэзентацыі, хто з «Сокала-прынта» быў, усе гэта абмяркоўвалі – ці сваячка Ася Вяжэвіч графам Корб-Варановічам… І я зразумеў – гэтак жа ясна, як поўху – гэта і ёсць мой шанец… Ты.
Светла-зялёныя вочы Вячкі гарэлі драпежным энтузіязмам, і ён яшчэ больш, чым заўсёды, нагадваў Асі ваўка – у якога ніколі не будзе сваёй зграі.
– А што там далей, у кнізе? – асцярожна папыталася Ася. Вячка адвёў позірк.
– Думаю, лепей, калі ты не будзеш пра гэта ведаць. Я пачну раскрываць сюжэт паступова.
– І наручнікі там маюцца? – не стрымалася Арсенія, каб не выплюхнуць даўнюю крыўду.
– А што, ты супраць? – раздражнёна прагаварыў Вячка. – Твая сяброўка дык не супраць была. Ведаеш, – стваральнік фэнтэзі глядзеў некуды ўбок, – я табе доўга дараваць гэтага не мог – цяпер можна сказаць, калі ўсё забылася. Я ж успрыняў напачатку наша знаёмства надта сур’ёзна. А як пабачыў, што ты прывяла гэтую дурную журналістачку, ды на мяне нацкавала, а сама побач стаяла і пасміхалася… Ну, зразумеў, якога дурня зваляў. Цяпер – усё, не бойся. Ніякай эротыкі. Ну, што табе губляць? Такое ўжо цікавае жыццё ў цябе?
Ася захінула твар рукамі. Вар’яцтва. А яшчэ ўсведамленне, што два гады таму ўсё магло атрымацца… Калі б не гэтая Волька… Калі б Ася насмелілася сама загаварыць з вялікім і жахлівым Вячкам, які, аказваецца, зусім не такі ўпэўнены ў сваёй пераможнасці, здольны збянтэжыцца і пакрыўдзіцца… Каб яна выявіла сваю зацікаўленасць – ну хоць на пялёстак незабудкі…
Позна.
– Я не ваша гераіня. У мяне не цёмныя, а попельныя валасы. У мяне… праца.
Скрыніч пераможна ўсміхнуўся.
– Валасы пафарбуем. Імя зменім. З працы звольнімся… – І, пабачыўшы жах суразмоўцы, паспешліва дадаў: – Ды жартую я, жартую… Гэта ўсё насамрэч не мае значэння. Дэталі, антураж… Галоўнае – сэнс… Мэсэдж. – І прагаварыў