Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 15
– Спадар Язэп сапраўдны беларус! – прасвятлеў твар Алеся. – Паболей бы такіх!
– А Вацлаў Ластоўскі табе як? Кажуць, ён масонам быў… Ты чуў штосьці пра гэта?
Вяжэвіч страсянуў з валасоў дождж.
– Можа, і быў… У яго пярсцёнак такі дзіўны ёсць, на мезенцы носіць. Пры царскім рэжыме людзі блыталіся, кожны па-свойму да рэвалюцыі ішоў. Вось мой бацька, напрыклад, з эсэрамі калісьці звязаўся… Толькі пра гэта, браце, вядома, нікому не расказвай. Бацьку і так цяжка. Праца ў яго цяпер – не кожнаму па сілах, у турэмнай бальніцы. З арыштаванай контрай ён справу мае.
– І што, расказвае дома пра сваю працу?
Цяпер у голасе Хведара з’явілася нейкая штучная абыякавасць, але Алесь нічога не заўважыў. Загаварыў здушана, як пра даўнюю хваробу.
– Ды нічога не распавядае. Ні слова. Прыйдзе дадому, усіх з пакоя выгане, спірт глохча. Ведаеш, зусім іншым чалавекам зрабіўся. Не памятаю, калі апошні раз ён смяяўся, ці на піяніна граў, ці маці кветкі дарыў… А раней, калі ў чыгуначным шпіталі працаваў, кожны дзень цягаў ёй хоць рамоначак які! А ўзімку, уяўляеш, у сябе ў кабінеце ў слоік з вадой ставіў галінкі бярозы і вярбы, і як зазелянее галінка – прыносіў маці замест кветак.
Твар Алеся зрабіўся зусім хлапечы, шэрыя вочы свяціліся – вось такім ён быў, калі да яго прыходзілі тыя вершы, якія ён лічыў сваёй слабасцю ў адрозненне ад радкоў, што пакутліва выштукоўваў, услаўляючы камсамол, фабрыкі і трактары… А ў гэтых, нязваных, серабрыўся туман над поплавам, пагойдваўся арэлямі месяц, і самая прыгожая ў свеце дзяўчына з рысамі Веранікі Манцэвіч расплятала косы над люстэркавай ціхай вадой…
Ганьба для камсамольскага паэта. Правільна яго лаялі ва ўніверсітэцкай насценгазеце, і на пасяджэннях «Маладняка», і ў часопісе «Полымя». І незразумела, чаму і адкуль прыходзяць яны, такія няправільныя вершы, і ад іх гэтак салодка-пакутна, гэтак нясцерпна-ўзвышана, як ніколі не бывае ад патрэбных радкоў пра станкі, заводы і камсамол. І, калі ўдумацца, чым ён, падлеглы сентыментальным буржуазным уплывам паэт Алесь Вяжэвіч, лепшы за таго Корб-Варановіча?
Але ўспамін пра дацэнта, які, у прынцыпе, нічога кепскага яму, Вяжэвічу, не зрабіў, зноў пагнаў дрыготку нянавісці па целе…
– Што, ужо ліхаманіць? – буркатліва заўважыў П’янкоў. – Будзеш ведаць, браце, як цягацца пад «вольнай стыхіяй»… Крочым хутчэй, а то без нас усё віно пап’юць.
Алесь нічога не адказаў, толькі прыспешыў крок. У небе між хмар паказалася маленькая сіняя лапінка, але да чыстага неба было яшчэ далёка.
…За шыбамі кабінета на трэцім паверсе наркамата замежных спраў неба было зусім шэрым, і ніякіх дрэваў пад акном. Калі не ведаць, які сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпітэра, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі,