Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 19
М-да, і гаспадар гэтага кабінету падаўся Асі напачатку ўладальнікам чыноўніцкай вытрымкі… Зазняць ягоную фізіяномію – псіхалагічны трылер. Пачуцці мяняюцца, і, падобна, ён проста не здольны іх прыхоўваць – хаця і намагаецца. Корб-Варановіч сцяўся, горда выпрастаўся:
– Выбачайце, спадар Скрыніч, але тут – іншае… Для вас асабіста – усё, што заўгодна… Пра Сапегаў, Пацаў, Вайніловічаў, Глябовічаў, Нарбутаў… Але я нічога не хачу болей ведаць пра род Вяжэвічаў! Паверце, усё, што я пра яго ведаю, адбівае цікавасць да знаёмства. – Граф імкліва падышоў да шафы, што стаяла злева ад акна, адчыніў зашклёныя дзверцы, вытаргнуў з кніжных шэрагаў брашурку ў зялёна-балотнай вокладцы і пагардліва кінуў на стол. – Дастаткова таго, што імя Арсеніі Вяжэвіч мне ўжо знаёмае!
Ася з непаразуменнем узяла брашуру… «Л. П. Калантай. Аспекты ідэалагічных праблем беларускай унутранай культурнай палітыкі і іх аптымізацыя ў сучасным грамадстве». Блёкат нейкі… Але, вядома, надрукавана ў «Сокале-прынце».
– Вы рэдагавалі? – спытаў-сцвердзіў Даніла Раманавіч. Ася нясмела перагарнула старонкі… Ну так, яе прозвішча. Рэдактар. Але Арсенія дужа цьмяна памятала гэтую кніжку, прачытаную ў бясконцым шэрагу іншых, на аўтапілоце.
– І вам не сорамна мець дачыненне да такой… – Корб-Варановіч пакутліва падшукваў слова, – падмётнай літаратуры? Хаця… Вяжэвічы.
Твар гаспадара гнеўна крывіўся. Ася разгублена павярнулася да Вячкі. Той прашаптаў:
– Прабач, але ў Кнізе пра гэтую брашурку нічога няма, – і гучна прамовіў да Корб-Варановіча, працягваючы нанізваць рэплікі на аднаму яму бачную нітку:
– Чым вам не дагадзіла гэтая кніжка?
Даніла Раманавіч зноў утаропіўся ў Асю, звяртаючыся толькі да яе.
– Вядома, вам было дужа прыемна, што ў гэтай кнізе мой бязвінна закатаваны дзед абазваны прадстаўніком імперскага шавінізму ў лінгвістыцы! Гэта ён, ён, які пакінуў някепскую кар’еру ў Пецярбургу па першым жа запрашэнні з Менска, каб ствараць беларускую філалогію! Які абхадзіў пешкі ўсю Беларусь, самыя гіблыя і небяспечныя месцы, збіраючы легенды, песні, рэдкія слоўцы… Які даследаваў беларускія летапісы! Які сцвярджаў, што беларуская мова – старажытная, славянская, гожая! Якога цкавалі русапятыя ўсіх масцей! – гаспадар ледзь не кідаўся па кабінеце, як раз’ятраны звер. – Ці вы, спадарыня Вяжэвіч, скажаце, што зусім выпадкова ў гэтай жа кніжачцы, у раздзеле пра выкарыстанне архітэктурнай спадчыны, прыводзіцца ўдалы прыклад: аграпрамысловая фірма «Ройна» на месцы былой аднайменнай сядзібы… А вы ведаеце, як гэтую сядзібу, што належала маім продкам цягам пяці стагоддзяў, выкарыстоўваюць, дакладней, тое, што ад яе засталося? Гэта, між іншым, быў палац! З кутнімі вежамі, балконамі,