Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 20
– Наша шляхта тытулаў не вельмі шанавала, усе былі браты ў вольнасці шляхоцкай. А тытулы – гэта ўжо расійскія ўладары раздавалі, каб мясцовых магнатаў заахвоціць да лаяльнасці. Графамі Корб-Варановічы сталі ў васямнаццатым стагоддзі, пры Кацярыне. Ёсць тытул, землі, палацы, ці няма, галоўнае – прозвішча і незганьбаванае шляхецтва. Мой прадзед – сын народжанага на катарзе сына Андруся Корб-Варановіча і ягонай жонкі Людвікі.
Пан Даніла пераможна ўсеўся за стол:
– Так што радаводам Вяжэвічаў я займацца не буду. Нават дзеля вас, спадар Скрыніч.
Правёў рукой па твары, нібыта хацеў сцерці гнеў, і працягнуў халодна-здзекліва:
– Вы, спадарыня, хацелі ведаць, як род Вяжэвічаў звязаны з родам Корб-Варановічаў? Сакрэту няма. Вяжэвічы былі слугамі Корб-Варановічаў шмат вякоў. Пасля таго, як у тых усё забралі, працягвалі служыць новым гаспадарам. Прычым ёсць версія, што яны паспрыялі знікненню старых. Паненка, вядома, пабачыла сваё падабенства з партрэтам якойсьці маёй прабабкі, здагадваюся, гэта партрэт Марыі Корб-Варановіч, які нядаўна прывезлі з Расіі. Яна выйшла замуж за аднаго з паўстанцаў 1831 года. Калі таго пасадзілі ў Бабруйскую крэпасць, Марыя памерла ад нервовай гарачкі. Так што прамых нашчадкаў у яе няма. Але вам, вядома, захацелася пацверджання свайго графскага паходжання. Мушу вас засмуціць… – гісторык пагардліва падціснуў вусны. – Гэтае падабенства між Вяжэвічамі і Корб-Варановічамі заўважанае не толькі вамі, яно цягнецца стагоддзямі. Выяўляецца не ў кожным пакаленні, але час ад часу ў абодвух радах паўтараецца адзін тып знешнасці. І тлумачыцца падабенства вельмі проста… Нехта з маіх продкаў упадабаў сімпатычную прыслужніцу. Але бастарды не могуць ні на што прэтэндаваць пры наяўнасці законных нашчадкаў. А тым больш у прамінулых стагоддзях яны былі ніжэй за прасталюдзінаў… – Асі здавалася, што Корб-Варановіч выгаворвае словы з садысцкім задавальненнем. – Запэўніваю, у навакольных вёсках заўсёды жыло шмат панскіх двайнікоў. Чулі наконт права першай ночы?
Арсенія больш не магла цярпець гэты абыякава-ненавісны голас.
– Нічога я не хачу! Не прэтэндую! Не трэба мне вашых… тытулаў! Усё! Спыняю гэтую дурацкую гульню! Адчапіцеся ад мяне… – вось сарамацішча – на слёзы прабіла. Ася рванулася да дзвярэй, але яе затрымала жалезная рука Скрыніча. Ну так, «дэміург» Вячка, вядома, падрыхтаваў кручок для кожнай рыбіны…
– Спадар Варановіч, я пішу раман пра вашага прадзеда.
Твар гаспадара кабінета зноў страціў маску спакойнай пагарды.
– І… як вы трактуеце яго асобу? Як… шавініста? Русіфікатара, які не ведаў беларускай мовы?
– Не хвалюйцеся, гэта цалкам станоўчы персанаж… – запэўніў Вячка, учэпіста трымаючы знерваваную Арсенію за плечы. –