Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 18

Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

які валодаў здольнасцю прабірацца праз любых вахцёраў і міліцыянтаў, цягнуў Асю ў самы канец лабірынту… Бінга! Дзеля прыліку, бо адказу і не падумаў чакаць, Вячка стукнуў суглобамі пальцаў у фарбаваныя шэрай алейнай фарбай дзверы з шыльдачкай «Загадчык аддзела навуковай працы Д. Р. Корб-Варановіч», запхнуў Асю ў кабінет і стаў за ейнай спінай, каб адрэзаць шлях да адступлення.

      Загадчык аддзела, мужчына пад саракоўнік, сядзеў за танным канцылярскім сталом насупраць дзвярэй, утаропіўшыся ў нязваных гасцей ільдзяным позіркам. Ягоныя шэрыя вочы, ваяўніча прыжмураныя, як толькі спыніліся на Асі, пасля імгненнага недаўмення пачалі выпраменьваць нянавісць, як ліст расіцы – кроплі атрутнай вільгаці, у якой мусіць гінуць неабачлівая жамяра. Хаця выглядаў гісторык не зусім так, як Ася ўяўляла: густыя бровы, просты нос, сурова падціснутыя вусны, высокія выліцы, і лоб высокі, упарты, яго праразае адзіная глыбокая зморшчына. Хвалістыя попельныя валасы, трохі цямнейшыя, чым у Арсеніі, і трохі даўжэйшыя, чым пасуе чыноўніку, зачасаныя назад, і падбароддзе ўпартае, выдаецца наперад, з ямінкай. Большы за Вячку, але не таўсманы, проста дужы. І ніякага гальштука, кашулі, пінжака – тонкі шэры швэдар-гольф, які напінаецца на цягліцах, чорная скураная камізэлька. Непрацоўныя пальцы сашчэпленыя, а на безыменным блішчыць, як начышчаны, тонкі заручальны пярсцёнак. Чамусьці Ася адразу прыляпіла да спадара вызначэнне «граф». Сцены завешаныя рэпрадукцыямі з радзівілаўскіх партрэтаў, не папяровымі, а маляваныя алеем на дошках – але не прафесіянал маляваў, дакладна. Хіба сам граф копіі рабіў?

      Чаму Арсенію аж скаланула ад нянавісці да гэтага фацэта, якая відавочна была ўзаемнай? Яна і сама не магла патлумачыць. Хіба таму, што ён выглядаў, як мог выглядаць ейны старэйшы брат? Ці як брат той, каго яна бачыла на партрэце?

      Пасля яна шукала адгадкі ў псіхааналізе, можа быць, паўплываў адмоўны вобраз мужчыны, які стварыўся ў яе жаночай сям’і, – мужчына альбо агрэсіўная істота, драпежнік, альбо ўтрыманец, баласт… З Вячкам было прасцей – драпежнік, але на дыстанцыі. Агульная дамоўленасць пра недакрананне, вось і добранька, як прамовіў карсар, згортваючы з кавалка гравюры Дзюрэра самакрутку. А гэты… Стапудова, у яго таксама нейкія комплексы наконт жанчын…

      – Слухаю вас! – ён яшчэ захоўваў дасканалую ветлівасць. А Асі ўжо карцела выдаць нешта абразлівае. Ну, вядома. Чыноўнік, навучыўся валодаць пачуццямі. Млявая восеньская муха праклала крывую траекторыю паміж дапатопнай лямпай дзённага святла і дапатопным маніторам камп’ютара. Рука графскага нашчадка здрыганулася, каб адмахнуцца ад чорна-сіняй вястункі са сфераў Аіду і бліжэйшай жэсаўскай сметніцы. Але, відаць, спадар вырашыў, што жэст гэты быў бы няварты прадстаўніка арыстакратыі, і рука замерла. Муха надзейна прычапілася да пажаўцелай абалонкі манітора, як п’яны да зачыненых дзвярэй пад’езда.

      – Мы, Даніла Раманавіч, па генеалагічным пытанні, – паспяшаўся «дэміург» Вячка падаць рэпліку. – Вы ж займаецеся складаннем радаслоўных беларускіх радоў…

Скачать книгу