Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 16
– Вядома, вораг, – ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета. – І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў – з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу ўсёй душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць… Вось няхай яны адзін аднаго і выкрыюць. Вось што, Хведар…
Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі, – выглядала б гэта і зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.
– У хуткім часе Корб-Варановіч выступіць з дакладам на паседжанні Акадэміі навук. – Калантай па-змоўніцку пасміхнуўся. – Думаю, яго будзе не цяжка пераканаць, што абавязкова трэба публічна выказаць свае погляды, агучыць аргументы… Ён, вядома, усё і выкажа… А ты, Хведар, павінен паклапаціцца, каб у асяродку студэнтаў правільна ацанілі ягоныя шавіністычныя выказванні. Знайдзі некалькі чалавек – магчыма, тых жа Вяжэвіча, Папара, гэтую прыгажуньку Манцэвіч… Прапануй ім з’ездзіць у Ленінград, дзе вучыўся Корб-Варановіч, пагаварыць з ягонымі былымі аднакурснікамі, знаёмымі – сабраць доказы, што ён добра замаскаваны вораг. Я падкажу, каго наведаць… Запэўніваю – звесткі будуць найцікавейшыя! Ад Корб-Варановіча застануцца рожкі ды ножкі. А потым настане чарга ягоных апанентаў. І мы ачысцім савецкую навуку ад буржуазнага шалупіння! Ясна?
Худы твар Хведара пайшоў чырвонымі плямамі.
– Можа, не трэба Манцэвіч? Яна… дурнаватая.
Калантай пільна паглядзеў у спалоханыя шэра-зялёныя вочы свайго суразмоўцы:
– Асабістыя пачуцці не павінны замінаць нам у рэвалюцыйнай барацьбе. Ну-ну, не чырваней… Калі ты згодны сам апекавацца гэтай дзяўчынай…
– Я згодны! – спяшаючыся, выкрыкнуў П’янкоў, і Калантай дакорліва пахістаў галавою.
– Глядзі, хлопча, не памыліся. Але мы гатовыя цябе падтрымаць у спробе перавыхаваць камсамолку, якая пачала збочваць з ленінскага шляху. Заўтра ж прынясі на яе падрабязную характарыстыку. Усё, што ведаеш. А я запатрабую ейную асабістую справу з універсітэта… – Калантай зрабіў хуткую пазнаку на перакідным календары. – Выратуем тваю Манцэвіч ад непатрэбных знаёмстваў.
– Ясна, Леанід Пятровіч! – па-вайсковаму адрывіста адрапартаваў Хведар, вочы якога свяціліся ад шчасця.
– А наконт незразумелай сувязі Вяжэвічаў з Корб-Варановічамі… Гэтае падабенства… Кажаш, яны землякі. Паны і прыслуга… Нешта тут нячыста. – Леанід Пятровіч спыніўся пасярод кабінета, якраз за спінай свайго агента, і той нязграбна закруціўся, каб бачыць начальства. Таварыш Калантай, задраўшы галаву, глядзеў у мудрыя вочы партрэта,