Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская

Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 12

Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»

Скачать книгу

Вам проста лянота вучыць славянскія мовы…

      – Мы хочам вучыцца! – Алесь аж віраваў ад нянавісці, здавалася, яна, як вецер, кудлачыць ягоныя валасы. – Але не ў вас! Вы – чужы! Прыехалі з Расіі, беларускай мовы не ведаеце…

      – Не вам дзяліць на чужых і сваіх! – холадна сказаў Корб-Варановіч. – Калі вам не вядома, я родам з Беларусі, як і ўсе мае продкі. Беларуская мова – мая родная мова, і я яе люблю не менш за вас. Так, люблю! – дацэнт павысіў голас, каб заглушыць насмешны гуд. – Не мая віна, што я нарадзіўся, калі не было беларускага ўніверсітэта, і змушаны быў вучыцца ў Санкт-Пецярбургу і пісаць свае працы на расейскай.

      – Вось і пішыце пра расейскую! Няма чаго прывязваць да яе нашу старажытную мову Скарыны і Літоўскіх статутаў! – гэта азваўся студэнт Аўтух Папара, які ўжо выдаў паэтычны зборнік, на які напісаў стрымана-ўхвальную рэцэнзію сам Лукаш Бэндэ.

      – Я – вучань Шахматава, Бадуэна дэ Куртэнэ і Яўхіма Карскага. Спадзяюся, вам хоць нешта кажуць гэтыя імёны. І я ніколі не здраджу акадэмічнай навуцы, дзеля якой мяне і запрасілі на Беларусь, – вусны Корб-Варановіча крывіліся ад пагарды да невукаў. – Як навуковец, я маю справу з фактамі, а не з эмоцыямі. І раблю высновы не з таго, што мне заманецца. І не вы будзеце вызначаць тэмы маіх даследаванняў. Мова нашая зусім не вывучаная, яе паходжанне, яе развіццё… Сёння і цяпер ствараюцца яе літаратурныя нормы. А тут непазбежныя дыскусіі. Кожны вучоны мае права на сваё меркаванне, калі здольны навукова яго абгрунтаваць.

      – Мы ведаем вашае меркаванне: беларусы павінны гаварыць «ліцература, цеатр, гасударства, аўгуст, срэдства»… Падвучыце мову, дацэнт! – выкрыкнуў з-за спіны Алеся ягоны сябар, Хведар П’янкоў, як заўсёды, жывапісна жэстыкулюючы, за што яго празвалі на курсе «ветраком». – Такіх, як вы, гнаць трэба! Хопіць з нас Ілавайскіх!

      – А вам больш падабаецца казаць, як прапаноўвае ваш улюбёны самавук-акадэмік Лёсік, «уз’ярытованы, верадаваць, урымсціць, удыгаць, платэ, жанке, абразэ» і гэтак далей? От дзе «сапраўдная» літаратурная мова! – ноздры дацэнта пачалі драпежна раздзімацца. – А вучыць мяне будзеце тады, калі напішаце хаця б адно філалагічнае даследаванне, якое нешта дадасць да беларускай лінгвістыкі. А наконт славянафіла Ілавайскага – дык я вам скажу, што калі б ён прачытаў зборнік маіх лекцый, дык нападаў бы на мяне з гэткім жа шалёным імпэтам, што і вы, толькі з іншага боку. І ўсвядомце – ніводзін сумленны выкладчык у вас залік замест мяне не прыме!

      Цяпер Корб-Варановіч ледзь стрымліваўся, акадэмічная раўнавага з яго зляцела, як і не было, рукі сціскаліся ў кулакі. Выдатніца Вераніка Манцэвіч, высокая прыгажуня з залатой касой, схаванай пад чырвонай хусткай, і абуральна блакітнымі вачыма, весела закрычала:

      – У такім выпадку нам згодзяцца і «несумленныя»! Такія, як Язэп Лёсік!

      Алесь кінуў хуткі позірк на Вераніку:

      – Правільна, Вераніка! Лёсік у турме за беларушчыну сядзеў, калі гэты філолаг у расейскіх імперыялістаў вучыўся!

      Але

Скачать книгу