Сутарэнні Ромула (зборнік). Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская страница 10
І яна села проста на пажаўцелую спіну вялізнага старога манітора, як на які-небудзь чэрап дыназаўра, і адчула – упершыню за столькі гадоў – волю. Самае лепшае адчуванне ў свеце. Можа быць, нават лепшае за пачуццё кахання для тых, хто здольны цаніць падобныя рэчы. Як быццам збегла з урока перад кантрольнай. Шэрая Будыніна больш не выклікала нянавісці – у яе аказаліся свае кулісы, сваё патаемнае жыццё, далёкае ад афіцыйнага фасада… А Вячка пазіраў нахабнымі светла-зялёнымі, з чорнымі доўгімі вейкамі вачыма на Арсенію.
– Сёння ты пабачыла партрэт свайго двайніка. Так мусіла быць – бо я так напісаў.
Манія вялікасці? Прароцтвы Скрыніча? «Тканіна загаварыла» – як у тупым галівудскім баевіку пра таемную суполку ткачоў, якія вылічваюць нябесныя пасланні па вузельчыках, што ўтвараюцца на сувоі, а пасланні ўсё нейкія аднастайныя: таго забіць, гэтага забіць. А Скрыніч ужо даставаў з чорнай джынсавай сумкі, што боўталася ў яго на плячы, рукапіс – раздрукаваныя на прынтары старонкі, падшытыя ў сіні файл. Вось як выглядае сёння аракул…
– Не смейся… – сурова папярэдзіў ён Асю, у якой на твары заўсёды было напісана, што яна думае пра гэты варты жалю свет і сваіх дарагіх бліжніх, вартых гэтага свету. – Я заўсёды ведаў, што думка матэрыяльная. Здаралася ў мяне – напішу, а яно і спраўдзіцца… І вось цяпер…
Вячка таксама ўсеўся на манітор-дыназаўр насупраць Асі, блізка-блізка – каб і надалей гаварыць ціхутка, палыновы пах ягонай парфумы нагадваў пра стэпы і, па асацыяцыі са стэпавымі прасторамі, пра тое, што трэба збягаць падалей ад маньякаў, якія зацягваюць малазнаёмых дзяўчат у кладоўкі паміж паверхамі. Хаця больш за ўсё Вячка нагадваў не маньяка, а пярэваратня. Ваўкалака. Ваўка. Жылістага, напятага, вясёла-шалёнага…
– Я напісаў пяць раманаў, – змрочна прамовіў Вячка, нібыта прызнаваўся, што пахаваў пяць жонак. – Гэта было… файна, пісаць іх… Ведаеш, мне тады па барабане ўсё, што адбываецца вакол, я паміраю, нараджаюся, забіваю, атрымліваю ўдары, кахаюся, здраджваю – разам са сваімі героямі. Аднойчы, як у Максіма Горкага, застаўся шнар на грудзях – калі выпісаў сцэну, дзе князя Барыса Глінскага забіваюць ударам корда ў сэрца. Крыві ў мяне не было – чырвоны след, нібыта апёк, і шнар застаўся, як ад апёку… Вось… – Вячка на імгненне расшпіліў чорную джынсавую кашулю. – Ведаеш, у маім свеце цікавей, бясконца цікавей, чым у вашым… Але рэальным ёсць усё-ткі ваш… Гэты… Я не магу больш трываць гэтай рознасці.
Скрыніч уздыхнуў, нібыта перад скачком з парашутам.
– Я напісаў раман… І я хачу яго пражыць. Ася не стрывала і засмяялася.
– Гэта называецца ролевая гульня, спадар Вячаслаў. У асноўным падлеткі захапляюцца.
Вячка не пакрыўдзіўся, наадварот, нібыта супакоіўся, збліснуў гарэзна вачыма.
– Ты думаеш, у мяне дах паехаў ці я па пялюшках і бразготках занастальгаваў? Не. Як гэта ні прыніжальна – я надзіва неарыгінальны.